Лекцыя «Аб ролі матэматыкі ў выхаванні Чалавека» доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных ураўненняў і алгебры факультэта матэматыкі і інфарматыкі Івана Платонавіча Мартынава адбылася 23 чэрвеня. Мерапрыемства сабрала дэканаў, кіраўнікоў каледжаў і структурных падраздзяленняў універсітэта, а таксама ўсіх неабыякавых да царыцы навук.
Адкрыла мерапрыемства рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
– Іван Платонавіч Мартынаў – вядомы вучоны, спецыяліст у галіне аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Наш выпускнік. Чалавек, які любіць матэматыку і прысвяціў матэматычнай адукацыі ў нашым універсітэце 60 гадоў. Дзейнасць Івана Платонавіча ў першую чаргу адрозніваецца актыўнай выхаваўчай працай сярод студэнтаў. Кажуць, нельга кахаць матэматыку, не будучы ў душы паэтам. Іван Платонавіч піша вершы, якія кранаюць душу і сэрца, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Як расказаў Іван Платонавіч Мартынаў, матэматыка адыгрывае фундаментальную ролю ў сучасным свеце, аказваючы ўплыў на розныя сферы чалавечай дзейнасці. Яна не толькі забяспечвае аснову для развіцця навукі і тэхналогій, але і фармуе лагічнае мысленне, аналітычныя здольнасці, навыкі рашэння праблем, неабходныя ў прафесійным, паўсядзённым жыцці, і галоўнае – выхоўвае чалавека, фармуючы ў ім лепшыя рысы.
– Я глыбока перакананы, што матэматыка мае самы высокі патэнцыял у выхаванні чалавека. Таму што іншыя навукі выхоўваюць вербальна, а матэматыка – па сваёй сутнасці. Каб выканаць заданне, трэба прыкласці намаганне. Матэматыка выхоўвае сумленнасць, працавітасць, настойлівасць, волю, акуратнасць у рабоце. Матэматыка развівае лагічнае мысленне. Прыклад развагі ў матэматыцы бездакорны, таму што ўсё пабудавана на доказе. І што найбольш мне падабаецца ў матэматыцы, гэта эстэтычнае выхаванне – прыгажосць чалавечай думкі, – падкрэсліў прафесар.
У ходзе лекцыі былі падрабязна разгледжаны пытанні матэматычнага мадэлявання рэальных працэсаў і з'яў, прымянення матэматычных метадаў у многіх сферах практычнай дзейнасці, а таксама фарміравання лагічнага мыслення, эстэтычных пачуццяў і асобасных якасцей чалавека пры вывучэнні матэматыкі. Лектар расказваў пра знакамітых матэматыкаў, прыводзіў іх цытаты і з натхненнем чытаў вершы ўласнага сачынення.
Пасля заканчэння лекцыі рэктар падзякавала Івану Платонавічу за магчымасць акунуцца ў цудоўны свет матэматыкі і ўручыла лектару памятны падарунак. Скончылася мерапрыемства агульным фатаграфаваннем.
Адзначым, навукова-педагагічная і грамадская дзейнасць Івана Платонавіча Мартынава адзначана шэрагам урадавых узнагарод: Ганаровая грамата Вышэйшай атэстацыйнай камісіі РБ (2017г.), Падзяка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь (2018г.). Прафесар І.П. Мартынаў у 1999 годзе абраны членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі. У 2000 годзе ўдастоены ганаровага звання «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». І.П. Мартынаў з'яўляецца першым Ганаровым прафесарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. А вясной гэтага года Іван Платонавіч Мартынаў быў удастоены медаля Францыска Скарыны.