Прыёмная кампанія-2025 стартуе ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Дакументы ад абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, а таксама пераможцаў Шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды прыёмная камісія Купалаўскага ўніверсітэта пачне прымаць ужо 27 чэрвеня.
На бюджэтную форму атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі прыём дакументаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы будзе праходзіць з 12 па 17 ліпеня ўключна, на платную форму - з 12 ліпеня па 1 жніўня. Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці, пры паступленні на якія здаюцца ўнутраныя ўступныя экзамены ў ГрДУ імя Янкі Купалы, павінны падаць дакументы ў перыяд з 12 па 17 ліпеня, а з 18 па 25 ліпеня для іх пройдуць уступныявыпрабаванні.
З 12 па 14 ліпеня ў Купалаўскім універсітэце будуць прымаць дакументы ад абітурыентаў, якія прайшлі навучанне ў профільных класах (групах) педагагічнай, інжынернай, спартыўна-педагагічнай накіраванасці, а таксама ад абітурыентаў, якія асвоілі змест адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў перыяд знаходжання ва ўстанове адукацыі "Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк" і паступаючых у адпаведнасці з пунктам 23 Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Прыёмная камісія працуе па адрасе: вул. Леніна, 32 з 9.00 да 18.00 з 12 ліпеня па 1 жніўня (выхадныя дні - нядзеля 20 ліпеня).
Нагадаем, што сёлета, як і ў папярэднія гады, у ГрДУ імя Янкі Купалы даступна электронная рэгістрацыя абітурыентаў у межах працы лічбавай прыёмнай камісіі. Усім абітурыентам Купалаўскі ўніверсітэт рэкамендуе загадзя зарэгістравацца ў Лічбавым кабінеце абітурыента на сайце abit.by, запоўніць заяву для паступлення і прымацаваць электронныя копіі неабходных для паступлення дакументаў. Далейшыя крокі падкажа сістэма. На любым этапе можна звязацца са спецыялістамі, якія акажуць дапамогу ў рэгістрацыі, а таксама дапамогуць вызначыцца са спецыяльнасцю, формай навучання і выбарам факультэта.
Для падачы арыгіналаў дакументаў абітурыент павінен прыйсці асабіста ў прыёмную камісію ў зручны для яго час, які ён павінен выбраць, зарэгістраваўшыся ў электроннай чарзе. Віртуальны сэрвіс закліканы дапамагчы пазбегнуць традыцыйных чэргаў у перыяд падачы дакументаў у прыёмную камісію.
Больш падрабязную інфармацыю аб правядзенні прыёмнай кампаніі-2025, тэрмінах уступных экзаменаў, прапанаваных спецыяльнасцях можна даведацца на сайце abit.by і ў інфармацыйна-даведачнай службе «Абітурыент» па тэлефонах: 8 (0152) 67-01-01 (шматканальны), МТС +375 (33) 35-44 77-44-500, а таксама ў прыёмнай камісіі па адрасе: вул. Леніна, 32.