Студэнты 1 курса спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» і 3 курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» Купалаўскага ўніверсітэта разам з дацэнтам кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Ганнай Крофта здзейснілі экскурсію ў дзіцячы філіял Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага.
Загадчыца філіяла Святлана Арлюк расказала аб разнастайных мерапрыемствах, якія праводзяцца на базе бібліятэкі для педагогаў і навучэнцаў дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Яна пазнаёміла студэнтаў з найноўшымі дзіцячымі кнігамі і перыядычнымі выданнямі, а таксама з багатым фондам метадычнай літаратуры, што стане для іх важным рэсурсам у будучай педагагічнай дзейнасці.
Ключавой тэмай сустрэчы стала роля чытання ў развіцці дзіцяці. Святлана Арлюк падзялілася сучаснымі падыходамі да фармавання гэтага важнага навыку. Студэнты даведаліся пра разнастайнасць інтэрактыўных фарматаў: кніг-панарам, кніг-цацак і нават кніг без слоў, якія спрыяюць маўленчаму, інтэлектуальнаму і творчаму развіццю маленькіх чытачоў.
Наведванне бібліятэкі стала для будучых педагогаў каштоўным вопытам, які дазволіў пашырыць уяўленне аб свеце дзіцячай літаратуры і сучасных падыходах да чытання. Студэнты вярнуліся з новымі ведамі і ідэямі, якія дапамогуць ім у прафесійнай дзейнасці.