8 чэрвеня супрацоўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы адправіліся ў падарожжа па гістарычных і жывапісных мясцінах Гродзенскага рэгіёну.
Маршрут экскурсіі пралягаў ад Гродна да вёскі Падлабенне, дзе знаходзіцца помнік Журботнай Маці, далей – у Свяцк і завяршыўся на Аўгустоўскім канале.
Пачаткам паездкі стала добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол помніка Журботнай Маці. Пасля завяршэння работ удзельнікі падзяліліся сваімі разважаннямі аб важнасці захавання памяці аб трагічных падзеях мінулага і ўшанавалі подзвіг абаронцаў Радзімы. Наведванне Форта № 2 стала момантам асаблівага яднання, абудзіўшы асабістыя ўспаміны аб родных і блізкіх, якія аддалі жыццё за мірнае неба.
У Свяцку купалаўцаў чакала займальная экскурсія, якая дазволіла ім атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды і архітэктуры. Кульмінацыяй паездкі стала прагулка на катамаранах па Аўгустоўскім канале, дзе ўдзельнікі змаглі палюбавацца жывапіснымі краявідамі і зрабіць фатаграфіі на памяць.
Напрыканцы дня купалаўцы сабраліся на пікнік, падчас якога абмяняліся ўражаннямі і падзяліліся планамі на будучыню. Падарожжа стала не толькі часам актыўнага адпачынку, але і магчымасцю ўмацаваць сяброўскія сувязі, натхніцца новымі ідэямі для далейшых мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гістарычнай спадчыны і развіцця патрыятызму.
Нагадаем, што IV Рэспубліканская акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» накіравана на папулярызацыю ўнутранага турызму і адкрыццё беларусам і гасцям краіны разнастайнасці турыстычных магчымасцяў. Арганізатарамі акцыі выступаюць Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнае агенцтва па турызме.