5 чэрвеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла сустрэча рэктара Ірыны Кітуркі са студэнцкім актывам універсітэта. На мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі ўсіх факультэтаў, каб абмеркаваць важныя пытанні і абмяняцца ідэямі аб будучыні ўніверсітэта.
Лета студэнтаў-купалаўцаў пачалося традыцыйна з сустрэчы з рэктарам. Вітаючы студэнтаў, Ірына Фёдараўна адзначыла сваю зацікаўленасць у меркаванні кожнага, а таксама ў новых ідэях і прапановах, якія могуць садзейнічаць паляпшэнню адукацыйнага працэсу і студэнцкага жыцця:
- Я заўсёды кажу: не чакайце, калі я вас паклічу, ініцыюйце падобныя сустрэчы самі. Вы, студэнты, валодаеце ўнікальным поглядам на працэс навучання і ўмовы жыцця ў нашым універсітэце. Таму заклікаю вас не саромецца выказваць свае ідэі і прапановы. Мы павінны працаваць разам, каб стварыць камфортную і прадуктыўную атмасферу для ўсіх.
Таксама ў сваім выступе Ірына Фёдараўна акцэнтавала ўвагу на важнасці калектыўнай працы:
- Мы павінны працаваць не толькі над уласным іміджам, але і над іміджам нашага універсітэта. Кожны з вас з'яўляецца яго прадстаўніком, і менавіта ад вашых намаганняў залежыць, як нас будуць успрымаць у грамадстве. Таму заклікаю вас быць актыўнымі, не баяцца выказваць свае думкі і ідэі. Разам мы зможам зрабіць наш універсітэт месцам, дзе кожны адчувае сябе значным і важным, а таксама ганарыцца тым, што з'яўляецца часткай купалавай супольнасці.
Студэнты-купалаўцы актыўна падключыліся да дыялогу з рэктарам, паднімаючы розныя тэмы. Абмяркоўваліся актуальныя пытанні працаўладкавання, замежныя стажыроўкі, практыкаарыентаванае навучанне, а таксама засяленне ў інтэрнат і спосабы супрацьстаяння стрэсу падчас сесіі.
Рэктар адзначыла, што падтрымка студэнцкіх ініцыятыў з'яўляецца прыярытэтам для адміністрацыі ўніверсітэта.
Напрыканцы сустрэчы Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што не абавязкова чакаць, калі рэктар наведае факультэт. Студэнты могуць звярнуцца з пытаннямі ці просьбамі ў любы час.
- Вы можаце спачатку падысці да дэкана, калі праблема апынецца па-за кампетэнцыяй кіраўніцтва факультэта, смела ідзіце ў прыёмную рэктара. Нам вельмі важная зваротная сувязь – вашыя ідэі і энтузіязм, прапановы і заўвагі. Вы бачыце свет па-іншаму, і вы не такія, як мы, дарослыя. І гэта проста цудоўна! Менавіта таму мы ўвялі апытанне “Выкладчык вачыма студэнта”. Гэтае апытанне дазваляе вам выказаць сваё меркаванне аб якасці выкладання, метадах навучання і ўзаемадзеянні з выкладчыкамі. Мы хочам зразумець, што вам падабаецца, а што патрабуе дапрацоўкі, - дадала рэктар.
Заключным акордам сустрэчы стала памятнае фатаграфаванне, як напамін пра тое, што ўсе ўдзельнікі з'яўляюцца часткай адной вялікай Купалаўскай сям'і.