Пра гэта стала вядома 30 мая па выніках пасяджэння рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі ў Гродне, дзе была прадстаўлена творчая справаздача калектыву сучаснай харэаграфіі «Stu-Dance» УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы». Камісія праводзіла адзнаку праграмы калектыва з мэтай прысваення яму звання «Народны».
Па выніках прагляду эксперты камісіі адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі калектыву, яркія вобразы танцавальных нумароў, дынамічнасць і мастацкую выразнасць харэаграфічных пастановак. На падставе гэтага было прынята рашэнне хадайнічаць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб прысваенні калектыву звання «Народны». Атрыманне ганаровага звання стане важнай вяхой у гісторыі калектыву і дадатковым стымулам для яго ўдзельнікаў працягваць развівацца і радаваць гледачоў новымі творчымі дасягненнямі.
Нагадаем, званне «Народны» прысвойваецца непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый і адпавядаюць пэўным патрабаванням.
Студэнцкі танцавальны калектыў «Stu-Dance» на працягу многіх гадоў з'яўляецца візітнай карткай Купалаўскага ўніверсітэта, яго яркім сімвалам і значнай часткай студэнцкага жыцця. Калектыў радуе купалаўцаў і гасцей універсітэта цікавымі праектамі і харэаграфічнымі пастаноўкамі, актыўна развіваючы творчы патэнцыял моладзі.