Заключны этап Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу аналітычных праектаў, арганізаванага Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага Рэспубліканскага саюза моладзі, прайшоў 30 мая ў Мінску.
ГрДУ імя Янкі Купалы прадстаўлялі каманды факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, філалагічнага факультэта, факультэта псіхалогіі, факультэта эканомікі і кіравання, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, фізіка-тэхнічнага факультэта.
Каманда факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, у склад якой увайшлі студэнты спецыяльнасцей «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя» Анжаліка Стэфановіч, Крысціна Кетэрыце, Мацвей Пісарэнка, Дар'я Пташыц, Анастасія Сталярчук, атрымала магчымасць вочна прэзентаваць журы вынікі свайго аналітычнага даследавання. Дзеці прадставілі конкурсную работу на тэму «Сучасныя практыкі відэаблогінгу ў сацыяльнай сетцы TikTok як інструменты аптымізацыі ўзаемадзеяння беларускіх СМІ з маладзёжнай аўдыторыяй», якую яны выканалі пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры журналістыкі Іны Мінчук і дацэнта кафедры журналістыкі Ірыны Герасімчык. Кансультантам па праекце выступіў начальнік аддзела менеджменту якасці Сяргей Шчарбінін.
Пасля прэзентацыі праекту на сцэне адбыўся актыўны дыялог з аўдыторыяй. У прыватнасці, экспертаў цікавіла, як аналітыкі-пачаткоўцы плануюць рэалізоўваць свае распрацоўкі, а ўдзельнікі праектных каманд задавалі пытанні аб перспектывах развіцця маладзёжнай журналістыкі ў Беларусі.
– Можна з упэўненасцю казаць аб тым, што ўзровень прадстаўніцтва, як па колькасці, так і па якасці адпраўленых праектаў ад моладзі Гродзешчыны, значна вырас у параўнанні з мінулым годам. Так, мы атрымалі ў два разы больш заявак на наш рэгіянальны этап. І трэба адзначыць, што праекты былі прадстаўлены ва ўсіх намінацыях. Сучасную моладзь цікавіць развіццё штучнага інтэлекту, цыфравізацыя, пытанні, звязаныя з дэмаграфіяй, урбанізацыяй і дэурбанізацыяй. Вядома, асобным радком можна вылучыць пытанні, якія датычацца экалогіі. Мы бачым, што з нашай моладдзю можна і трэба працаваць, таму прапануем ёй розныя шляхі ўдасканалення сваіх ідэй. Спадзяемся, што гэта ў нас атрымаецца не толькі з праектамі, якія ўжо адабраны, але і з новымі ініцыятывамі. І мы ўдзячныя супрацоўнікам універсітэта за гатоўнасць узаемадзейнічаць у падрыхтоўцы маладых і зацікаўленых спецыялістаў, – ацаніў узровень работ Сяргей Валчкевіч, вядучы спецыяліст Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў па Гродзенскай вобласці.
Па выніках конкурсу ўсім удзельнікам былі ўручаны дыпломы фіналістаў, а каманда факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму была ўзнагароджана яшчэ і падарункам ад партнёра конкурсу «Банк развіцця» за актуальнасць накіравання.
– Падобныя мерапрыемствы – гэта вельмі цікавы для студэнта вопыт. І я рады, што мне выпала магчымасць паўдзельнічаць у правядзенні актуальнага даследавання і распрацоўцы праектнай ідэі. Вельмі каштоўнай для мяне стала магчымасць прадставіць праект чальцам журы, убачыць працы лепшых каманд усёй рэспублікі. Конкурс даў магчымасць кожнаму праявіць сябе, палепшыць свае навыкі ў даследчай рабоце, у распрацоўцы і прэзентацыі праектаў. Прыемна было назіраць за вынікамі шматмесячнай працы людзей, якія з палаючымі вачыма займаюцца любімай справай. Менавіта гэта надае ўсёй працы сэнс, – падзяліўся ўражаннямі Мацвей Пісарэнка, студэнт 1 курса спецыяльнасці «Журналістыка».
Ужо ў жніўні купалаўцы прадоўжаць свае даследаванні ў Летняй школе маладога аналітыка на базе Нацыянальнага дзіцячага Тэхнапарка. Такі падарунак арганізатары падрыхтавалі для аўтараў найлепшых праектаў, пададзеных на конкурс.
