17 мая на фізіка-тэхнічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшла XIII навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў "Фізіка вакол нас". Мерапрыемства сабрала навучэнцаў, якія прадставілі свае праекты і даклады ў розных галінах фізікі і тэхнікі.
Перад пачаткам працы секцый для ўдзельнікаў была арганізавана экскурсія па навучальных лабараторыях фізіка-тэхнічнага факультэта. Школьнікі мелі магчымасць пагутарыць з выкладчыкамі факультэта, якія падрабязна расказалі пра спецыяльнасці факультэта і адказалі на пытанні. Гэта дало навучэнцам уяўленне аб напрамках навучання і перспектывах прафесійнай дзейнасці, што дапаможа ім зрабіць усвядомлены выбар у будучыні. Таксама яны наведалі экспазіцыю "Радыёпрыёмнае, гукаўзнаўляльнае, тэле- і відэаабсталяванне 90-х гадоў", сабраную і адноўленую студэнтамі спецыяльнасці "Інфармацыйна-вымяральная тэхніка" пад кіраўніцтвам Валерыя Ступакевіча.
Пасля экскурсіі навучэнцы выступілі з дакладамі ў чатырох тэматычных секцыях: "Камп'ютарнае і тэхнічнае мадэляванне", "Фізіка ў прыродзе і ў тэхніцы", "Электроніка і робататэхніка" і "Энергетыка і рацыянальнае прыродакарыстанне". Паведамленні школьнікаў адрозніваліся глыбінёй тэарэтычнага аналізу, высокай практычнай значнасцю і актуальнасцю разгляданых праблем. Падчас канферэнцый у кожнай секцыі праводзіўся конкурс на лепшы даклад. Кіраўнікі секцый адзначылі высокі ўзровень прадстаўленых работ і актыўную дыскусію сярод удзельнікаў.
Па выніках канферэнцыі прадугледжана выданне зборніка навуковых артыкулаў, які стане вынікам плённай работы юных фізікаў.