Валерыя Волчак і Ясенія Крывень, студэнткі 2 курса інжынернага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, занялі 3 месца на X Міжнароднай алімпіядзе па лагістыцы, якая адбылася 25 красавіка ў завочнай форме ў Валгаградскім філіяле РЭУ імя Р.В. Пляханава.
Алімпіяда, накіраваная на садзейнічанне прафесійнаму развіццю студэнтаў у галіне лагістыкі і кіравання ланцугамі паставак, а таксама стымуляванне іх творчай і навуковай актыўнасці, праводзілася ў два этапы. На першым этапе ўдзельнікі праходзілі тэсціраванне па функцыянальных абласцях лагістыкі, якое адпавядае патрабаванням Еўрапейскай лагістычнай асацыяцыі (ELA) і Еўрапейскага сертыфікацыйнага камітэта па лагістыцы (ECBL). На другім этапе каманды вырашалі кейс, падрыхтаваны кампаніяй AXELOT, вядучым расійскім распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння ў галіне аўтаматызацыі працэсаў кіравання ланцугамі паставак, які з'яўляецца суарганізатарам і спонсарам алімпіяды. Лепшыя рашэнні кейса былі абаронены ў фармаце відэаканферэнцыі.
Студэнткі 2 курса спецыяльнасці «Транспартная лагістыка» Купалаўскага ўніверсітэта Валерыя Волчак і Ясенія Крывень прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў і практычных навыкаў, паспяхова справіліся з заданнямі абодвух этапаў і заваявалі ганаровае трэцяе месца сярод усіх удзельнікаў алімпіяды.
Кіраўнік каманды, загадчык кафедры лагістыкі і метадаў кіравання, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Вадзім Хартоўскі быў адзначаны падзячным лістом ад дырэктара Валгаградскага філіяла РЭУ імя Р.В. Пляханава за падрыхтоўку студэнтаў да алімпіяды.
Віншуем удзельнікаў і жадаем далейшых поспехаў!