Усевалад Касянчук, студэнт 2 курса факультэта эканомікі і кіравання, старшыня СНТ факультэта, прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў па выніках прафарыентацыйнага конкурсу эсэ-работ сярод студэнцкай моладзі Беларусі "Хачу быць дыпламатам".
Ужо чацвёрты раз Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, пры падтрымцы сеткі магазінаў "5 элемент" і Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн, праводзіць конкурс эсэ. На адрас МЗС Рэспублікі Беларусь паступіла больш за 220 работ ад студэнтаў з 20 вышэйшых навучальных устаноў краіны. Сёлета колькасць удзельнікаў павялічылася на 40 працэнтаў. Пашыраюцца геаграфія, спектр спецыяльнасцей і ўстаноў адукацыі.
Конкурсная камісія зазначыла, што з кожным годам павышаецца агульны ўзровень прадстаўленых на конкурс работ. Эсэ пераможцаў і лаўрэатаў прасякнуты патрыятызмам, адказным стаўленнем да будучыні сваёй Радзімы. Іх адрозніваюць неардынарны падыход, глыбіня прапрацоўкі тэмы, а таксама арыгінальнасць падачы матэрыялу.
Усім пераможцам і лаўрэатам уручылі каштоўныя падарункі, але галоўным прызам стала магчымасць прайсці практыку ў МЗС Рэспублікі Беларусь або прыняць удзел у штогадовым семінары-практыкуме для маладых дыпламатаў.
Ментарам Усевалада Касянчука выступіла дацэнт кафедры фінансаў і бухгалтарскага ўліку, намеснік дэкана па навуковай рабоце Святлана Вітун.
Віншуем пераможцу! Гэта значнае дасягненне не толькі для самога Усевалада, але і для факультэта эканомікі і кіравання, а таксама для ўсёй навуковай студэнцкай супольнасці і ўніверсітэта. Яго поспех пацвярджае высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў і іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.