На працягу двух тыдняў студэнты спецыяльнасці «Гісторыя» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы даследавалі міжрэчча Котры і Дзітвы. Як выявілася, знойдзеныя артэфакты могуць змяніць уяўленне пра засяленне Панямоння.
Кіраўніком экспедыцыі выступіў кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алесь Гаршкоў.
– Мы даследавалі тэрыторыю вакол вядомага Кульбачынскага гарадзішча, якое навукоўцы вывучалі яшчэ напрыканцы 80-х – напачатку 90-х гадоў. Перад намі стаяла задача высветліць: ці толькі гарадзішча знаходзіцца тут, ці цэлы комплекс разам з селішчам і могільнікамі? У выніку… адшукалі селішча і высветлілі, што людзі з’явіліся тут значна раней, чым мы думалі – недзе ў бронзавым веку, а магчыма, і ў каменным. А на тэрыторыі сядзібы «Бабровая даліна» знайшлі вельмі цікавыя рэчы XVI–XVII стагоддзяў: унікальную кафлю, рэшткі посуду, косткі жывёл, што сведчыць пра існаванне тут багатага двара, – дзеліцца кіраўнік з журналістам Шчучынскай раённай газеты «Дзянніца».
Вечары ў лагеры былі насычаныя: студэнты не толькі гутарылі ля вогнішча, але і вывучалі гістарычную літаратуру. Можна смела сказаць, што скарбам у гэтай экспедыцыі з’яўляюцца не толькі знойдзеныя рэчы, але і фарміраванне новага пакалення гісторыкаў-археолагаў, якія вучацца захоўваць спадчыну і не губляюць прагі даведацца пра нешта новае.