Плённа, актыўна, пазітыўна! Менавіта так можна ахарактарызаваць працу ў выхадныя дні Летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы», якая праходзіць на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы.
У суботу для ўдзельнікаў Летняй школы дырэктарам бібліятэкі Мікалаем Грынько былі арганізаваны заняткі па беларускай мове. Пра адметнасці нацыянальнай літаратуры распавёў дацэнт кафедры беларускай філалогіі, паэт Анатоль Брусевіч.
Па словах Мікалая Грынько, удзельнікі на занятках актыўныя, яны задаюць шматлікія пытанні, удакладняюць і разважаюць. Усё гэта гаворыць аб тым, што слухачы вельмі зацікаўленыя ў спасціжэнні нацыянальнай беларускай мовы, літарауры і культуры.
У нядзелю госці наведалі Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, дзе пазнаёміліся з выставай «Сіла традыцый – сіла творчасці», на якой прадстаўлены працы майстроў народнай творчасці і мастакоў Гродзенскага раёна.
Надзвычайную актыўнасць праявілі ўдзельнікі падчас майстар-класу па беларускай нацыянальнай кухні «Пакаштуйце – смачна!», дзе ўсе разам прыгатавалі такія традыцыйныя беларускія стравы, як дранікі, клёцкі, мачанку. Закончыўся выхадны дзень прыемнай сумеснай дэгустацыяй.
Бягучы тыдзень таксама будзе актыўным: удзельнікаў Летняй школы чакаюць вандроўкі па Гродзенскай вобласці, экскурсіі па цікавых мясцінах Гародні, караоке па-беларуску, стварэнне музея Летняй школы і, вядома ж, заняткі па беларускай мове, літаратуры, культуры.