Сёння, 15 верасня, у Купалаўскім універсітэце прайшоў чацвёрты гастранамічны фестываль «БелаЕжа. Дранік па-купалаўску». У ім прынялі ўдзел 11 каманд з 10 факультэтаў.
Гэты кулінарны праект – даніна павагі нацыянальным традыцыям, гісторыі і культуры, якія захоўваюцца ў простых і знаёмых з дзяцінства стравах. Ён штогод збірае студэнтаў, гатовых не толькі спаборнічаць, але і разам адкрываць новыя магчымасці беларускай кухні. Тут сустракаюцца гісторыя, творчасць і сучасны студэнцкі погляд, а вынік можна не толькі ўбачыць, але і пакаштаваць.
Фестываль праводзіцца пры падтрымцы адміністрацыі ГрДУ імя Янкі Купалы і першаснай прафсаюзнай арганізацыі ўніверсітэта. Партнёрам мерапрыемства стала кафэ «Дранікі Гародня», якое падзяляе любоў купалаўцаў да беларускай кухні і падтрымлівае іх творчыя ініцыятывы.
Сёлета ўдзельнікаў чакалі два няпростыя, але вельмі цікавыя выпрабаванні. Падчас тэарэтычнага тура «Гастранамічны праект» каманды распрацоўвалі меню збалансаванага студэнцкага абеду з беларускім каларытам. А ў практычным блоку «Кулінарная лабараторыя» гатавалі аўтарскія стравы. Галоўным прадуктам, вядома, стала «яго вялікасць бульба».
Пра ідэю фестывалю распавёў арганізатар праекта, выкладчык кафедры сістэмнай біялогіі Вадзім Стасюкевіч:
– Ідэя мерапрыемства ўзнікла, калі ў календары з’явілася свята – Дзень народнага адзінства. Мы падумалі, што адзінства можна паказаць і праз кулінарныя традыцыі. Нам хацелася папулярызаваць беларускую кухню і даць студэнтам магчымасць паэксперыментаваць са знаёмымі стравамі, праверыць і развіць свае кулінарныя здольнасці. Фестываль мае дзве асноўныя мэты: умацаваць веды пра беларускую культуру і дапамагчы маладым людзям набыць практычныя навыкі, у тым ліку навучыцца гатаваць.
Удзельнікі падышлі да заданняў творча. Студэнт 2-га курса філалагічнага факультэта Ягор Малаканаў расказаў, як яго каманда пераасэнсавала традыцыйную страву:
– Мы вырашылі змяніць звыклыя дзеруны і зрабіць своеасаблівыя «гнёзды» з бульбы. Нам падалося, што такая форма пераклікаецца з радкамі «Ад прадзедаў спакон вякоў». Мы ўдзельнічаем у фестывалі дзеля задавальнення і з павагі да беларускай кухні ды традыцый. А магчымасць паэксперыментаваць са знаёмымі стравамі стала для нас вельмі цікавым досведам.
Па выніках смачнай і зацятай кулінарнай барацьбы прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: I месца заняла каманда факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму; II месца атрымала каманда факультэта біялогіі і экалогіі; III месца – у каманды факультэта псіхалогіі. Шчыра віншуем пераможцаў і прызёраў!