На фінішную прамую выходзіць праца Летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы». За плячыма ўдзельнікаў – гадзіны інтэнсіўных заняткаў, а наперадзе іх чакаюць апошнія лекцыі, яшчэ адно захапляльнае падарожжа, доўгачаканы Дзень самакіравання і ад’езд дамоў з самымі цёплымі ўспамінамі. Але пакуль рана развітвацца! Яшчэ тры дні навучэнцы будуць захапляцца беларускай гасціннасцю.
Удзельнікі ўжо прайшлі праз значную частку лекцыйнай праграмы, паспрабавалі расшыфраваць беларускі код праз гісторыю краіны і народную творчасць. Пра тое, як змяніўся ўзровень ведаў навучэнцаў і якая галоўная мэта праекта, распавёў дырэктар навуковай бібліятэкі і ідэйны натхняльнік школы Мікалай Грынько:
– Вядома, ставіць амбіцыйную задачу, каб чалавек, які ніколі не чуў беларускай мовы, загаварыў на ёй за два няпоўныя тыдні, нельга. Мы гэта разумеем. Але галоўнае – чалавек пачынае «адчуваць мову». Напрыклад, сёлета да нас прыехала выкладчыца Някрасаўскага педагагічнага каледжа горада Санкт-Пецярбурга Алена Дзмітрыева. Раней яна ніколі не чула мовы, аднак са спецыфікі сваёй дзейнасці (Алена Дзмітрыева – культуролаг) ёй цікава мова як своеасаблівы культурны код. Калі два тыдні таму нам даводзілася шмат перакладаць і тлумачыць, то сёння Алена Дзмітрыева ўжо многае разумее падчас заняткаў. Яна пачынае размаўляць, ведае арфаэпічныя нормы і імкнецца іх прытрымлівацца.
Мікалай Грынько падкрэсліў, што для многіх удзельнікаў школа распачалася ўжо даўно, і яе вынікі захапляюць:
– У нас ёсць слухачы, якія прыехалі не першы, не другі і нават не трэці раз. Напрыклад, Пётр Фядосаў, які прыехаў да нас з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава. Я не пабаюся гэтага слова: студэнт размаўляе па-беларуску амаль бездакорна. Таму можам сцвярджаць, што Летняя школа выступае своеасаблівым стартам. Наша задача – зацікавіць чалавека, які прыязджае з-за мяжы, настолькі, каб ён сказаў: «Беларусь – гэта класна, а мова – гэта цудоўна».
І мы ўжо бачым выннікі. Удзельнікі пачынаюць чытаць па-беларуску. Так, Ганна Чарнова за гэты час прачытала паэму «Сымон-музыка» Якуба Коласа і засталася пад вялікім уражаннем. Працэс запушчаны, і мы вельмі спадзяемся, што ён незваротны. Навучэнцы выходзяць на беларускія сайты, чытаюць навіны і камунікуюць паміж сабою па-беларуску. Падобная папулярызацыя вельмі каштоўная для нас.
Паглядзіце, што робіць кафедра славянскай філалогіі Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта: выкладчыкі разам са студэнтамі ладзяць мерапрыемствы, падчас якіх знаёмяць Варонеж з Беларуссю. Думаецца, гэта адна з тых амбіцыйных мэт, якая фактычна дасягаецца. Бо калі пра нас гавораць, якія мы таленавітыя і гасцінныя, якая Беларусь прыгожая, чыстая і багатая — гэта дакладна і ёсць адна з галоўных мэт нашай Летняй школы.
Як жа ўдзельнікі школы будуць паляпшаць свае веды сёння? У першай палове дня з фразеалагічнай спадчынай, якая лічыцца адной з найбагацейшых у славянскім свеце, навучэнцаў пазнаёміць дацэнт кафедры беларускай філалогіі Ірына Хлусевіч.
– Тэарэтычная частка прысвечана разбору спецыфікі ўласнабеларускіх фразеалагічных адзінак. У практычным блоку я паставіла за мэту паказаць, як творча выкарыстоўваюцца і абыгрываюцца фразеалагізмы ў сучасных беларускамоўных сродках масавай інфармацыі.
Акрамя таго, слухачы разгледзяць асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове ў параўнанні з іншымі мовамі.Не абыдзецца дзень і без яркага інтэрактыву. Увечары ўдзельнікаў чакае гучнае караоке па-беларуску:
– Караоке па-беларуску – гэта ўжо традыцыя Летняй школы. Сёлета наша тэма – «Усе мы родам з дзяцінства». Выдатна часам прыгадаць бесклапотныя часы. І ўдвая цудоўна, калі гэта адбываецца ў кантэксце беларускай культуры. У нас і «Дзед Барадзед», і «Калыханка», і «Крылатыя арэлі». Вырашылі сёлета таксама дадаць больш інтэрактыўу: песню, якую выконвае ўдзельнік, вызначае «Музатрон» – спецыяльнае кола, якое трэба пракруціць. Сюрпрызам для нашых удзельнікаў будзе і «13-ы сектар», або, калі быць дакладней, мем-сектар, дзе мы прапануем (а ў нас пераважна моладзевая аўдыторыя) здагадацца, якое слова мы схавалі ў фразе з беларускамоўнага мема (так, існуюць і такія!). Беларуская поп-культура шматгранная і ўнікальная, і выдатна, што ў нас ёсць магчымасць пазнаёміць з ёй гасцей з-за мяжы,– расказала Ганна Карпінчык, бібліятэкар АБІТ навукавай бібліятэкі, аспірант кафедры рускай філалогіі.
А мы пакуль не развітваемся і працягваем сачыць за прыгодамі аматараў беларускага слова!