26 лютага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы «Жанчына. Час. Універсітэт», якая прымеркавана да 86-годдзя Купалаўскага ўніверсітэта і Года беларускай жанчыны.
Экспазіцыя прадстаўляе сабой фотаздымкі розных часоў, якія адлюстроўваюць ролю жанчын у жыцці і гісторыі ўніверсітэта. На стэндах можна пабачыць прадстаўніц розных прафесій: выкладчыц, навукоўцаў, бухгалтараў, працаўнікоў вытворчай і харчовай службы, будаўнікоў і іншых супрацоўнікаў універсітэта, а таксама студэнтак. Кожная фотаграфія суправаджаецца QR‑кодам: яго сканаванне дазваляе атрымаць інфармацыю пра асобу на кадры.
Са словамі захаплення і падзякі выступіла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
– Назву да гэтай выставы «Жанчына. Час. Універсітэт» прыдумаў першы прарэктар Аляксандр Яўгеньевіч Карэўскі. Кожнае слова ў назве – самадастатковае. Дзякуй за выставу, дзе адлюстраваны нашы жанчыны: жанчыны-навукоўцы, таленавітыя выкладчыцы, крэатыўныя студэнткі. Дзякуй за падбор фотаздымкаў! Дзякуй Яўгенію Аляксандравічу Жаўнову, выкладчыку факультэта мастацтваў і дызайну, за ажыццяўленне ідэі.
Перад прысутнымі выступіў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі:
– Наш университет связан с женщиной, он основан на месте женской гимназии. Буквально за моей спиной находится помещение, в котором была расположена Церковь святых жен-мироносиц. Это все говорит о важности женщин в нашем обществе. Открытая сегодня выставка представляет собой олицетворение всех наших женщин в разных проявлениях и в разные периоды. Но всех их объединяет, безусловно, красота, нежность, высокий интеллект, забота и доброта.
Напрыканцы свайго выступлення Аляксандр Карэўскі прачытаў верш Алеся Звонка «Беларускія жанчыны».
Адзначым, сёння ў Купалаўскім універсітэце навучаецца 9 717 жанчын. З іх 6 690 атрымліваюць вышэйшую адукацыю першай ступені; больш за 300 навучаюцца ў магістратуры, 67 – у аспірантуры. Доля жанчын сярод навучэнцаў каледжаў ГрДУ імя Янкі Купалы дасягае 70%.
Выстава падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і ролю жанчыны ў фарміраванні ўніверсітэцкай супольнасці. Асаблівую каштоўнасць экспазіцыі ствараюць кадры з архіваў, якія дазваляюць прасачыць этапы развіцця ўстановы і сацыяльна‑прафесійную разнастайнасць яе ўдзельнікаў.
Выстава арганізавана на базе галоўнага корпуса ўніверсітэта па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, 3-ці паверх.