З 18 па 20 лютага Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы напаўняла асаблівая атмасфера спартыўнага азарту. У гэтыя дні тут праходзіў XII адкрыты турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара ўніверсітэта, які сабраў на сваім полі дзевяць каманд не толькі з Беларусі, але і з Расіі.
З урачыстым словам да ўдзельнікаў турніру і ўсіх прысутных звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна адзначыла, что гэты турнір стаў не толькі святам спорту, але і святам прыгажосці і сяброўства. Таксама Ірына Фёдараўна шчыра падзякавала трэнерам і рэктарам універсітэтаў Расійскай Федэрацыі за ўдзел каманд сваіх універсітэтаў у турніры.
Вырашальныя матчы турніру за прызавыя месцы разгарнуліся паміж камандамі Беларусі і Расіі. У доўгачаканым фінальным паядынку турніру на полі сышліся каманды Купалаўскага ўніверсітэта і Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кожная каманда выкладвалася па максімуму. Гульцы дэманстравалі цвердасць характару і нязломную волю да перамогі – ніхто не жадаў уступаць саперніку ніводнага мяча. Па выніках упартай барацьбы Кубак рэктара выйграў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Завяршыўся вечар урачыстай цырымоніяй узнагароджання. Ірына Фёдараўна асабіста павіншавала фіналістаў і ўручыла ім памятныя кубкі і медалі. Па выніках турніру другое і трэцяе месца занялі адпаведна каманда Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта і каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў.
XII адкрыты турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы стаў не проста яркім святам спорту, але і важным сімвалам адзінства.