У межах супрацоўніцтва паміж Купалаўскім універсітэтам і Паўночным (Арктычным) федэральным універсітэтам імя М.У. Ламаносава 19 лютага кафедры рамана-германскай філалогіі і нямецкай і французскай філалогіі пачалі першы семінар анлайн-школы «Інавацыйныя тэхналогіі навучання нямецкай мове». Праект праходзіць трэці раз і працягнецца да 26 сакавіка.
Падчас адкрыцця анлайн-школы да калег і студэнтаў з прывітальным словам звярнулася загадчык кафедры рамана-германскай філалогіі Таццяна Скарабагатая. У сваёй прамове яна падкрэсліла важнасць і неабходнасць выкарыстання інавацыйных тэхналогій, якія палягчаюць вывучэнне мовы, павышаюць матывацыю, фарміруюць уменне слухаць, спрыяюць станоўчаму стаўленню да вывучэння нямецкай мовы, ствараюць цікавую і жывую атмасферу.
Таксама да ўдзельнікаў анлайн-школы звярнулася загадчык кафедры нямецкай і французскай філалогіі Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта імя М.У. Ламаносава Марыя Сакалова. Яна выказала падзяку за плённае супрацоўніцтва і пажадала ўдзельнікам поспехаў у засваенні новых методык.
Першым заняткам школы стаў вучэбна-метадычны семінар «Ад малюнка да дыялогу: як ствараць і выкарыстоўваць інтэрактыўныя выявы на ўроках нямецкай мовы (на аснове анлайн-платформы Genially)». Мадэратарам заняткаў выступіла старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Наталля Якуцёнак. Студэнты 3 курса спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» ГрДУ імя Янкі Купалы і студэнты кафедры нямецкай і французскай філалогіі Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта імя М.У. Ламаносава пазнаёміліся з асноўнымі функцыямі інтэрактыўных малюнкаў, з тым, як прымяняць іх на розных этапах урока і паспрабавалі самастойна стварыць выявы з інтэрактыўнымі элементамі на платформе Genially.
У межах адукацыйнай праграмы штотыдзень будуць праходзіць заняткі, прысвечаныя выкарыстанню інтэрактыўных і інфармацыйных тэхналогій на занятках па замежнай мове. Мадэратарамі будучых семінараў выступяць дацэнты і выкладчыкі абодвух універсітэтаў-партнёраў. Па выніках праходжання курса ўсе ўдзельнікі атрымаюць сертыфікаты.