Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы працягвае актыўную працу на 23-й спецыялізаванай выставе «Адукацыя і кар'ера». У другі дзень выставы свае стэнды разгарнулі фізіка-тэхнічны факультэт, факультэт матэматыкі і інфарматыкі, факультэт біялогіі і экалогіі і інжынерны факультэт.
12 лютага Купалаўскі ўніверсітэт прадставіў на выставе факультэт мастацтваў і дызайну, кафедру гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму і ваенны факультэт. Сёння, 13 лютага, свае стэнды прадставілі факультэты дакладных і прыродазнаўчых навук.
Фізіка-тэхнічны факультэт пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Ірыны Гаўрылавай і дацэнта кафедры электратэхнікі і электронікі Людмілы Кропачавай разгарнуў адукацыйнае асяроддзе па развіцці інжынернага мыслення, дзе абітурыенты змаглі пагрузіцца ў свет высокіх тэхналогій.
Адукацыйнае асяроддзе таксама разгарнуў і факультэт матэматыкі і інфарматыкі. Пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Марыны Міснік абітурыенты змаглі пазнаёміцца з факультэтам, а таксама паглыбіцца ў сферу IT і даведацца, у якіх сферах у наш час выкарыстоўваюцца IT-тэхналогіі.
Асаблівую ўвагу гасцей прыцягнула выстава «Парк тытанаў: хвойныя», якую прадэманстраваў факультэта біялогіі і экалогіі пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры сістэмнай біялогіі Анастасіі Саковіч і загадчыка кафедры хіміі і біятэхналогіі Лізаветы Узловой. Біёлагі Купалаўскага ўніверсітэта прадэманстравалі гасцям выставы ўнікальную калекцыю хвойных раслін, дазволіўшы дакрануцца да свету жывой прыроды, а таксама прадставілі распрацоўкі ў галіне экалогіі.
Інжынерны факультэт запрасіў абітурыентаў на пляцоўку «Я інжынер свайго лёсу», кіраўніком якой выступіў старшы выкладчык Павел Шупан. У межах пляцоўкі інжынеры-купалаўцы прадставілі свае апошнія распрацоўкі ў сферы інжынерыі, а таксама праекты, над якімі ў цяперашні час працуюць студэнты і выкладчыкі.
Наперадзе купалаўцаў чакае два апошніх дні працы выставы «Адукацыя і кар'ера», дзе яны працягнуць дэманстраваць навукова-адукацыйны патэнцыял Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.