Сёння, 21 лістапада, у ГрДУ імя Янкі Купалы паспяхова завяршыўся другі дзень IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларусь у кантэксце сусветнай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава».
Форум стаў пляцоўкай для абмеркавання тэарэтычных асноў і метадычных пытанняў выкладання гісторыі краін Азіі і Афрыкі. Акрамя таго, былі ўзняты актуальныя праблемы вывучэння гісторыі Усходу ў беларускіх навучальных установах, вопыт выкладання гісторыі Індыі ў навучальных установах Расійскай Федэрацыі, а таксама пытанні арменазнаўства. Значную ўвагу навукоўцы надалі складаным паняццям «Імперыя» і «Імперыялізм» другой паловы XIX стагоддзя, а таксамса каланіяльнай і посткаланіяльнай гісторыі Афрыкі з пазіцыі еўра- і афрацэнтрызму, уключаючы аналіз каланіяльных падручнікаў як крыніц.
Важнай тэмай на форуме сталі адносіны Беларусі з афрыканскімі краінамі і розныя накірункі супрацоўніцтва. Былі прадстаўлены даследаванні па расійскай і замежнай гісторыяграфіі праблем мадэрнізацыі Турцыі, Ірана і Афганістана ў 1920-1930-я гады, а таксама вопыт узаемадзеяння Саюзнай дзяржавы і Афрыкі ва ўмовах геапалітычнай трансфармацыі.
Свой значны ўнёсак у працу форума зрабілі і калегі з Арменіі, далучыўшыся да дыскусіі ў рэжыме анлайн.
Форум дазволіў абмяняцца перадавым вопытам, акрэсліць ключавыя выклікі і перспектывы ў вывучэнні і выкладанні гісторыі Азіі і Афрыкі, а таксама ўмацаваць міжнародныя навуковыя сувязі.