З 20 па 21 лістапада адбудзецца IV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларусь у кантэксце сусветнай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава», арганізаваная Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук.
Канферэнцыя стане пляцоўкай для абмеркавання новых падыходаў, крыніц і метадаў у вывучэнні ўсеагульнай гісторыі і гісторыі Беларусі, актуальных пытанняў палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, этнакультурнай і канфесійнай гісторыі Беларусі. У канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы, выкладчыкі, спецыялісты, аспіранты з Беларусі, Расіі і Арменіі. Акрамя таго, пройдзе міжнародны навукова-метадычны форум.
У першы дзень, 20 лістапада, пройдзе ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі, дзе з прывітальнымі словамі выступяць доктар гістарычных навук, дацэнт, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза. У рамках першага дня канферэнцыі адбудзецца пленарнае пасяджэнне і чатыры секцыйныя пасяджэнні па розных тэмах, дзе навукоўцы прадставяць свае даклады. Тэмай першай секцыі стане «Сучасныя гістарыяграфія і крыніцазнаўства: новыя падыходы, крыніцы, метады ў вывучэнні сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі». Тэма другой секцыі – «Палітычная гісторыя: дзяржаваўтваральныя працэсы, войны і рэвалюцыі ў лёсах беларусаў і народаў свету. Эканамічная мадэрнізацыя Беларусі ў кантэксце сусветных працэсаў». У трэцяй секцыі абмяркуюць пытанні па тэме «Канфесійная гісторыя Беларусі ў сусветным дыскурсе», а ў чацвертай секцыі тэмай стане «Культура Беларусі як частка сусветнай цывілізацыі. Беларусь у прасторы міжкультурнай камунікацыі».
21 лістапада, у другі дзень канферэнцыі, пройдзе «Міжнародны навукова-метадычны форум па праблемах вывучэння і выкладання гісторыі краін Азіі і Афрыкі», дзе будуць прадстаўлены стэндавыя даклады, пасля чаго будуць падведзены вынікі IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі.
Яркай кульмінацыйнай часткай стане экскурсія «Сакральны Гродна» для ўдзельнікаў канферэнцыі.