Падарункі і цёплыя віншаванні атрымалі хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячых садоў №24 і №39. На ранішнікі да дзяцей зазірнулі рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава і, вядома, Дзядуля Мароз са Снягуркай.
Як старшыня камісіі па сацыяльнай палітыцы і справах моладзі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Кітурка штогод віншуе малых з навагоднімі святамі.
- У любым узросце Новы год радуе, мы абавязкова чакаем цуду, і ў пэўным узросце пачынаем разумець, што самі яго можам стварыць. І дарыць радасць не менш прыемна, чым атрымліваць яе. Таму купалаўцы заўсёды з вялікім задавальненнем гатовы дзяліцца цяплом і дапамагаць. Падарункі, якія мы сёння прывезлі дзецям, сабраны нашымі неабыякавымі студэнтамі, супрацоўнікамі і валанцёрамі, - адзначыла Ірына Фёдараўна.
Купалаўцы штогод становяцца ўдзельнікамі дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта і каледжаў ладзяць навагоднія і калядныя мерапрыемствы, тэматычныя выставы і дабрачынныя акцыі. Асаблівая ўвага надаецца сем'ям, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам дзіцячых спецыялізаваных устаноў і школ-інтэрнатаў, а таксама дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем'яў.