15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Гуманітарным каледжы Купалаўскага ўніверсітэта ўжо на працягу 10 гадоў праходзіць конкурс на лепшае выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь сярод навучэнцаў новага набору.
Конкурс праводзіцца ў мэтах фарміравання асноватворных каштоўнасцей, ідэй і перакананняў, якія адлюстроўваюць сутнасць беларускай дзяржаўнасці, павышэнне ўзроўню грамадзянскасці, патрыятызму, духоўнасці, маральнасці і нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў.
Пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца Дыпломамі 1,2,3-й ступені ад Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, сувенірамі і заахвочвальнымі прызамі. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 300 чалавек.
– Дзень Канстытуцыі – важная падзея, якая сімвалізуе асновы дзяржаўнай улады і прававога ладу краіны. Гэты дзень нагадвае кожнаму грамадзяніну аб важнасці захавання і павагі асноўных правоў і свабод, замацаваных у Канстытуцыі. Конкурс закліканы падкрэсліць значнасць нацыянальных сімвалаў, – расказала намеснік дырэктара Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Юлія Булутава.
Такія мерапрыемствы садзейнічаюць умацаванню нацыянальнага адзінства і фарміраванню гонару за сваю краіну, а таксама дапамагаюць маладому пакаленню лепш разумець і паважаць асноўныя прынцыпы, на якіх будуецца дзяржава.
Таксама ў рамках правядзення Конкурсу адбылося ўручэнне маладым выбаршчыкам, якія ўпершыню прынялі ўдзел у Адзіным дні галасавання, памятных падарункавых выданняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.