Пазнаёміцца з распрацоўкамі вучоных Купалаўскага ўніверсітэта можна будзе 29 студзеня ў НАН Беларусі ў рамках работы экспазіцыі найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці краіны.
На выставе да Дня беларускай навукі будуць прадстаўлены дзве распрацоўкі прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Адна з іх уключана ў топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных за 2020 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Гэта распрацоўка калектыву аўтараў Купалаўскага ўніверсітэта і Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі. Распрацоўка адносіцца да вобласці медыцыны і можа быць выкарыстана для лячэння і прафілактыкі таксічнай паразы печані. Навукоўцы прапанавалі лекавую кампазіцыю, якая змяшчае мелатанін, які валодае ўласцівасцямі эфектыўнага прамога і непрамога антыаксіданта, біяэнергетычны субстрат сукцынат і экстракт флаваноідаў пладоў журавін. Сярод навукоўцаў-распрацоўшчыкаў - прафесар кафедры біяхіміі ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар біялагічных навук Ілля Заводнік.
У якасці значнага выніку навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на экспазіцыі ў Мінску будзе прадстаўлена яшчэ адна распрацоўка Купалаўскага ўніверсітэта, аўтарамі якой з'яўляюцца вядучы навуковы супрацоўнік, дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук Віталь Сцяпура, дацэнт кафедры агульнай фізікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй Лавыш, дацэнт кафедры агульнай фізікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Святлана Гогалева, загадчык кафедры агульнай фізікі, дацэнт, доктар фізіка-матэматычных навук Аляксандр Маскевіч. На выставе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вучоныя ГрДУ імя Янкі Купалы прадэманструюць, як працуюць сэнсары мікравязкасці і тэмпературы на аснове флуарэсцэнтных малекулярных ротараў для патрэб флуарэсцэнтнай мікраскапіі ў дадатку да біямедыцыны. Распрацоўка адонсіцца да вобласці спектраскапіі і флуарэсцэнтнай мікраскапіі і можа быць выкарыстана для вызначэння тэмпературы і глейкасці ў лакальна малых аб'ёмах рэчыва на падставе аналізу аптычнага сігналу ад малекулярнага ротара.