Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбылося ў Купалаўскім ўніверсітэце 22 лістапада.
Наведвальнікі выставы змогуць убачыць навуковую спадчыну гродзенскіх гісторыкаў, што назапасілася больш чым за 60 гадоў. Як адзначаюць арганізатары, на выставе прадстаўнікі іншых факультэтаў і спецыяльнасцяў пазнаёмяцца з асаблівасцямі працы калег-гісторыкаў, а маладыя прадстаўнікі гістарычнай навукі ўбачаць арыенцір, на які трэба раўняцца.
Словы прывітання ў адрас удзельнікаў мерапрыемства накіравала рэктар універсітэта Ірына Кітурка.
– 65 год ўтварэння гістарычнай адукацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы – гэта пэўны шлях, які вельмі істотны для развіцця гістарычнай навукі ва ўсёй Беларусі. Традыцыі навуковых гістарычных даследаванняў у Заходняй Беларусі пачалі складвацца яшчэ ў 50-я гады ХХ стагоддзя, калі ў Гродзенскім педагагічным інстытуце распачалася падрыхтоўка спецыялістаў-гісторыкаў.
Ірына Кітурка ўспомніла свае студэнцкія гады, калі гістарычны факультэт яшчэ знаходзіўся ў корпусе па вуліцы Даватара.
– У адной з аўдыторый вялікімі літарамі было напісана лацінскае выслоўе “Гісторыя – гэта настаўніца жыцця”. І, пачынаючы з першага курса, мы разумелі, што вучымся на незвычайнай спецыяльнасці, – адзначыла Ірына Фёдараўна. – Вялікі дзякуй усім, хто працуе ў гэтай галіне. Я жадаю вялікага поспеху нашым навукоўцам. Студэнтам – раўняцца на тых, хто ў вас выкладае і будзе выкладаць. Самае галоўнае – гэта рабіць сваю справу з любоўю. Любіце тое, што вы робіце, і любіце тых, для каго вы гэта робіце. Поспехаў!
Словы прывітання і віншавання ў гэты дзень таксама прагучалі ад загадчыка Цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянціна Голубева:
– У ГрДУ імя Янкі Купалы працавалі і працуюць выдатныя гісторыкі. Гэта зоркі на небасхіле беларускай гістарычнай навукі. Я жадаю, каб студэнты працягвалі іх дзейнасць, пераймалі вопыт і падтрымлівалі імідж свайго ўніверсітэта. А Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Інстытут гісторыі заўсёды будзе падтрымкай для гродзенскіх навукоўцаў-гісторыкаў.
Пра асаблівасці выставы і яе асноўныя экспанаты – кнігі – расказалі прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Эдмунд Ярмусік, дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Майя Марцён, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны, дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Наталля Казлоўская, дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько.
Трэба адзначыць, што вучоныя-гісторыкі ГрДУ імя Янкі Купалы падрыхтавалі і абаранілі дзясяткі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, увайшлі ў склад аўтарскіх калектываў мноства навучальных і навучальна-метадычных дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы, прадставілі вынікі сваіх навуковых даследаванняў на шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, надрукавалі сотні артыкулаў у прадстаўнічых навуковых перыядычных выданнях і сталі аўтарамі грунтоўных навуковых манаграфій, многія з якіх прадстаўлены на дадзенай выставе.
Навуковыя калектывы, якія сфарміраваліся ў Купалаўскім універсітэце, зрабілі значны ўнёсак у развіццё такіх накірункаў гістырычнай навукі, як канфесійная і сацыяльна-эканамічная гісторыя Беларусі, лакальная гісторыя Гродзеншчыны, гістарыяграфія і метадалогія гістарычнага даследавання, гісторыя палітычных партый і грамадскіх арганізацый Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды.
Наведаць экспазіцыю можа кожны па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, чытальная зала.
Арганізатарамі выставы выступаюць факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму і навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы.