16 сакавіка ў Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца прафарыентацыйная выстава-кірмаш «На шляху да прафесіі».
Навучэнцы Бераставіцкага раёна пазнаёмяцца з магчымасцямі навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, у інтэрактыўнай форме даведаюцца аб факультэтах і спецыяльнасцях, атрымаюць адказы на пытанні, якія цікавяць. Выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта раскажуць будучым абітурыентам аб умовах, якія створаны ў ГрДУ імя Янкі Купалы для рэалізацыі патэнцыялу і талентаў кожнага. Для хлопчыкаў і дзяўчынак будуць арганізаваны майстар-класы, віктарыны і творчыя нумары ад студэнтаў універсітэта.
–Такія мерапрыемствы накіраваны на аказанне дапамогі выпускнікам устаноў адукацыі раёнаў Гродзенскай вобласці ў выбары адукацыйнай траекторыі пасля заканчэння школы і паспяховай пабудове прафесійнай будучыні разам з адным з лепшых універсітэтаў краіны, - адзначыў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі, адказны сакратар прыёмнай камісіі Аляксандр Карэўскі.
Варта адзначыць, што 14 сакавіка прафарыентацыйная выстава-кірмаш прайшла ў Навагрудскім раёне. Яе ўдзельнікамі сталі каля 300 школьнікаў і навучэнцаў каледжаў. У красавіку прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы наведаюць Ваўкавыскі, Слонімскі і іншыя раёны Гродзеншчыны, дзе сустрэнуцца з будучымі абітурыентамі.
На мерапрыемства запрашаюцца ўсе зацікаўленыя ў паступленні ва ўніверсітэт, бацькі, настаўнікі і класныя кіраўнікі!