Фінал рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года - 2016» адбыўся 8 снежня 2016 года ў Мінску.
За прэстыжны тытул і пуцёўку па маршруце Талін - Хельсінкі - Стакгольм змагаліся дзевяць удзельнікаў-пераможцаў абласных і Мінскага гарадскога этапаў рэспубліканскага праекта. Гродзенскую вобласць на конкурсе прадставіла студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вераніка Кажанеўская.
Варта адзначыць, што ўдзельнікам конкурсу мог стаць не кожны студэнт. Галоўныя ўмовы - навучанне на 2-5 курсах ва ўстановах вышэйшай адукацыі, поспехі ў вучобе - сярэдні бал канкурсанта павінен быць не ніжэй васьмі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, міжуніверсітэцкіх, раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах у галіне студэнцкага самакіравання.
Падчас конкурсу яго ўдзельнікам трэба было расказаць пра сябе, прадэманстраваць творчыя здольнасці ў конкурсе «Беларусь культурная» і інтэлектуальныя - у конкурсе «Мая краіна - Беларусь». Дарэчы, у апошнім члены журы прасілі ўдзельнікаў расказаць, як павялічыць колькасць падпісчыкаў у Instagram, паразважаць на тэму самых актуальных сусветных праблем і падзяліцца сваім меркаваннем пра здаровы лад жыцця. Ацэньвалі суддзі і тыя працы, якія фіналісты выслалі на завочным этапе: партфоліо, эсэ і відэаролік «Я - студэнт!»
Па выніках усіх этапаў конкурсу «Студэнт года - 2016» студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Вераніка Кажанеўская заняла прызавое другое месца. Перамогу святкаваў студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзімтрый Куксо, а трэцім стаў студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Андрэй Андрук.
– Усе супернікі былі вельмі моцнымі, кожны з іх варты перамогі. Ужо на рэпетыцыях было ясна, хто сапраўдны лідар. Але я вельмі рада, што журы мне прысудзіла другое месца! - падзялілася Вераніка. - Удзел у фінале конкурсу «Студэнт года», безумоўна, дае новыя знаёмствы і шырокі досвед: досвед выступу на рэспубліканскім узроўні, вопыт зносін, досвед працы ў камандзе.
Вераніка Кажанеўская - актыўны ўдзельнік факультэцкіх, агульнаўніверсітэцкіх і гарадскіх святаў, сустрэч, літаратурных вечароў, семінараў, прэзентацый, акцый і адкрытых дыялогаў.
Дзяўчына з'яўляецца членам Каардынацыйнага студэнцкага савета нашага ўніверсітэта, з 2014 года - членам валанцёрскага атрада «Веста» педагагічнага факультэта, членам зборнай педагагічнага факультэта па валейболе, з 2015 года - сакратаром ПА ГА «БРСМ» педагагічнага факультэта. Вераніка захоплена спортам, удзельнічае ў агульнаўніверсітэцкіх спаборніцтвах, дзе займае прызавыя месцы. Не першы год Вераніка - сакратар спартыўнага студэнцкага клуба. Акрамя грамадскай працы спрабуе сябе ў навуковай дзейнасці. З'яўляецца членам навуковага гуртка «Навуковы пошук» пры кафедры тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі. Прымала ўдзел у шматлікіх навукова-практычных рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях.
За правядзенне дабрачыннай акцыі «Хачу дапамагчы» для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў студэнтка адзначана падзячным лістом Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Гродна.