У праекце «30 under 30» амерыканскі часопіс Forbes прадставіў 30 маладых прадпрымальнікаў, інаватараў і трэндсеттараў у 20 катэгорыях. Сярод лепшых у «Спажывецкіх тэхналогіях» фігуруюць гродзенцы: Яўгеній Неўгень, выпускнік факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, і яго калега - Сяргей Ганчар.
У тэхналагічны рэйтынг - 2016 ўвайшлі не толькі стваральнікі папулярных прыкладанняў, але і распрацоўшчыкі прылад, якія могуць мець вялікі ўплыў у будучыні.
Нагадаем, купля тэхналагічным гігантам Facebook беларускага стартапа Masquerade стала галоўнай падзеяй 2016 года для беларускага ІТ. Каманда на чале з гродзенцамі Яўгеніем Неўгенем, Сяргеем Ганчаром і расіянінам Яўгеніем Зацепякіным распрацавала віруснае мабільнае прыкладанне MSQRD, якое дазваляе накладваць графічныя эфекты на відэа- і фотавыявы асоб карыстальнікаў.
Па выніках года Masquerade трапіла ў лік лепшых прыкладанняў года на Google Play і App Store, а Яўгеній Неўгень прадставіў Беларусь у топ-100 інаватараў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Рэдакцыя Forbes штогод праводзіць маштабнае даследаванне самых перспектыўных прадпрымальніцкіх кадраў у розных галінах, ад энергетыкі, фінансаў і тэхналогій да музыкі, спорту і навукі, - «30 Under 30». У кожнай з 20 катэгорый журналісты пры дапамозе экспертаў і ўдзельнікаў рынку выбіраюць 30 прадпрымальнікаў маладзейшых за 30 гадоў, якія рэалізуюць прарыўныя для сваёй індустрыі праекты.
Па інфармацыі сайта dev.by
Фота: інфармацыйны партал TUT.BY