Чарговая інтэлектуальная матэматычная гульня «Батл па інтэгральным вылічэнні» сярод студэнтаў-першакурснікаў спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» адбылася на факультэце эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі выкладчыкі кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Сяцько і Віктар Місюк сумесна са студэнтамі 2 і 3 курсаў факультэта эканомікі і кіравання Вікторыяй Мядзведзевай, Веранікай Міхалік і Анастасіяй Канюшок.
–Удзел у гульні запатрабаваў ад першакурснікаў крэатыўнага і нетрадыцыйнага падыходу да ведаў тэорыі інтэгравання і ўпэўненага валодання ўсімі метадамі знаходжання розных класаў функцый, - расказала дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Алена Сяцько. - Перад першай сесіяй каманды пакляліся ў вернасці і любові да матэматыкі і вялікім навукоўцам, які стварылі гэтую навуку. У стылі рок, джаз, рэп і пап-музыкі былі выкананы аўтарскія куплеты пра цяжкасці вывучэння матэматыкі і ўпартасці студэнтаў у авалоданні гэтай навукай.
Таксама прайшла рэкламная кампанія па прасоўванні на рынку матэматычных паслуг метаду інтэгравання па частках, формулы Ньютана-Лейбніца, вытворнай па кірунку, функцыі Лагранжа. Завяршыўся батл квэстам па корпусе факультэта эканомікі і кіравання, дзе студэнты спаборнічалі ў пошуку карты і запаветнага слова - абярэга на наступныя сесіі. Залогам паспяховага прасоўвання каманд па станцыях сталі правільныя рашэнні заданняў па знаходжанні інтэгралаў і прыватных вытворных.
З усімі навінамі факультэта матэматыкі і інфарматыкі можна азнаёміцца тут.