Экспазіцыя ў галерэі «UNIVERSUM» абнаўляецца штогод да Дня нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта. Традыцыйна экспазіцыю складаюць курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў кафедры выяўленчага мастацтва, выкананыя ў тэхніцы станковага жывапісу.
У гэтым годзе экспазіцыя атрымала назву «Краіна любая мая» і аб'яднала працы, лейтматывам якіх з'яўляецца тэма гарманічнага адзінства мінулага і сучаснасці, прыроды і чалавека. Карціны, сабраныя на выставе, сведчаць аб шыраце творчых інтарэсаў маладых мастакоў, унікальным поглядзе на навакольны свет, уменні ярка і прафесійна ўвасабляць задуманыя вобразы фарбамі на палатне. Бо пры рознай тэхніцы і манеры выканання ўсе творы аб'ядноўвае паэтычны настрой, тонкі каларыт і лірыка-філасофскае ўспрыманне рэчаіснасці. Палотны будуць радаваць купалаўцаў да наступнага Дня нараджэння аlma mater.
Ва ўрачыстым адкрыцці выставы прыняла ўдзел рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Сваё прывітальнае слова ён пачала з віншавання купалаўцаў са святам.
- Галерэя «UNIVERSUM» стала месцам прыцягнення ў нашым універсітэце, дзе кожны можа ўбачыць, наколькі таленавітыя студэнты вучацца ў нас. Кафедра выяўленчага мастацтва зрабіла сапраўды шмат за гады сваёй працы і дасягнула найвышэйшага ўзроўню ў падрыхтоўцы майстроў. Мастацтва заўсёды было заклікана ўзбагачаць унутраны свет чалавека і напаўняць яго, нашая выстава дае старт у жыццё маладым мастакам, для якіх «UNIVERSUM» становіцца першай выставачнай галерэяй, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Адкрыццё выставы ў галерэі "UNIVERSUM" стала першым з серыі святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 83-га Дня нараджэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На працягу ўсяго святочнага тыдня ў Купалаўскім універсітэце запланавана шмат цікавых падзей.