Сёння, 22 лютага, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы святкуе свой 82-і Дзень нараджэння! Таксама ў гэтым годзе адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння славутага майстра паэтычнага слова Янкі Купалы. Сваімі творамі ён узняў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявіў незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова. У гонар нашага агульнага свята прайшло адкрыццё дзвюх цудоўных выстаў: “Галерэі нашых поспехаў” і фотовыставы "Паклон прымі ад нас, Пясняр!".
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы сапраўды ганарыцца сваёй гісторыяй. Мы не толькі шануем традыцыі нашых продкаў, але і прымнажаем іх, папаўняючы галерэю нашых поспехаў новымі дасягненнямі. Адкрыла выставу і павіншалвала купалаўцаў са святам рэктар універсітэта Ірына Кітурка.
– Шчыра віншую з Днём нараджэння нашу alma mater! Гэтае свята аб'ядноўвае амаль 20 000 купалаўцаў, а калі палічыць нашых выпускнікоў і ветэранаў, нас больш за 100 000! Такога калектыву ў нашай вобласці больш няма! Купалаўскі ўніверсітэт – гэта мая мара, бо ў школе я цвёрда ведала, што буду паступаць менавіта сюды. Мой лёс звязаны з Купалаўскім універсітэтам, які даў мне пуцёўку ў шчаслівае жыццё. Спадзяюся, што і кожнаму з вас ён даў моцны старт. У гэты святочны дзень вельмі хочацца выказаць падзяку ўсім купалаўцам, бо я упэўнена, што ўніверсітэт – гэта не сцены, гэта – людзі, – павіншавала ўсіх Ірына Фёдараўна.
Выстава "Галерэя нашых поспехаў" складаецца з 6 вітрын. У першай можна пазнаёміцца з самымі значнымі дасягненнямі ўніверсітэта: Сертыфікатам у галіне якасці, узнагародай “Лепшы ўніверсітэт краіны – 2018 года” і многімі іншымі ўзнагародамі.
У другой вітрыне прадстаўлены самыя значныя заслугі ўніверсітэта ў галіне спорту, творчасці і праектнай дзейнасці. Бо Купалаўскі ўніверсітэт славіцца не толькі сваімі навуковымі дасягненнямі, але і яркімі, актыўнымі спартыўнымі і крэатыўнымі студэнтамі.
Наш універсітэт займае актыўную пазіцыю на міжнароднай арэне. Мы з радасцю супрацоўнічаем з замежнымі ўстановамі адукацыі і не толькі. ГрДУ імя Янкі Купалы – гэта гасцінны, сардэчны ўніверсітэт, дзверы якога заўсёды адчынены для новага супрацоўніцтва. Пацвярджае гэта экспазіцыя, у якой прадстаўлены падарункі-сувеніры ўніверсітэту ад замежных дэлегацый, універсітэтаў-партнёраў, а таксама ад нашых выпускнікоў з замежных краін.
Фотавыстава "Паклон прымі ад нас, Пясняр!" падрыхтавана студэнтамі факультэта мастацтваў і дызайну і выкладчыкамі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У экспазіцыі выставы прадстаўлены 28 аўтарскіх фотаработ. Кожная праца – гэта маленькі фрагмент нашай беларускай прыроды. Усе творы прасякнуты любоўю да роднай зямлі і аздоблены лірычнымі радкамі славутага паэта.
Прадстаўленыя вучэбныя працы студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну дэманструюць тыя прафесійныя якасці і навыкі, якімі аўтары здолелі авалодаць на працягу навучання. Гэта сур'ёзны досвед самастойнага рашэння творчых задач, праверка ўласных сіл і магчымасцяў, не толькі прафесійных, але і асабістых.