Сустрэча, якая была арганізавана пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, прайшла ў Гродне 24 кастрычніка.
У Гродзенскай вобласці прадстаўнікі ўніверсітэтаў, навуковых інстытутаў, рэзідэнты навукова-тэхналагічных паркаў з суб'ектамі рэальнага сектара эканомікі краіны ў рамках біржы сустракаюцца ў пяты раз. Па выніках правядзення папярэдніх мерапрыемстваў было заключана каля дзесяці дагавораў аб супрацоўніцтве паміж зацікаўленымі бакамі.
- Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прэзентуе свае распрацоўкі і свае паслугі, тое, што мы можам прапанаваць нашым прадпрыемствам і бізнесменам. Мы спадзяемся на ўсталяванне новых кантактаў, - распавёў прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Перад адкрыццём кангрэснага мерапрыемства ў фае ля актавай залы ў будынку Інстытута "Гроднаграмадзянпраект" удзельнікі сустрэчы прадставілі выставачныя экспазіцыі. ГрДУ імя Янкі Купалы прэзентаваў распрацоўкі навукоўцаў і тыя паслугі, якія на сённяшні дзень гатовы даць Навукова-тэхналагічны парк універсітэта: ад арэнды ўнікальнага навуковага абсталявання да 3D- пратаціпіравання па замове канкрэтных прадпрыемстваў.
Дырэктар Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Васілевіч, адзначыў, што ў цяперашні час зарэгістравана сем рэзідэнтаў Навукова-тэхналагічнага парку, прычым тры з іх - гэта кампаніі, створаныя выкладчыкамі, студэнтамі і выпускнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Рэзідэнты Навукова-тэхналагічнага парку працуюць у розных накірунках. Гэта - электрыфікацыя аўтамабіляў, 3D-праектаванне ў будаўніцтве, распрацоўка сродкаў вымярэння, вытворчасць біялагічных лазераў, распрацоўка праграмнага забеспячэння для праектаў з дапоўненай рэальнасцю і іншыя.
Падчас правядзення пленарнай часткі кангрэснага мерапрыемства аб напрамках дзейнасці ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама аб яго ролі ў апераджальным развіцці рэгіёну распавёў прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. Ён падкрэсліў, што сёння ўніверсітэт з'яўляецца пляцоўкай для правядзення шматлікіх стартап-конкурсаў, хакатонаў, мітапаў, якія дапамагаюць наладзіць працэс ад распрацоўкі праектаў да іх камерцыялізацыі.
Аб дзейнасці Цэнтра трансферу тэхналогій ГрДУ імя Янкі Купалы ўдзельнікам сустрэчы распавяла начальнік цэнтра Алена Апякун. Яна патлумачыла, што дадзеная інавацыйная структура як раз і з'яўляецца сувязным звяном паміж навукоўцамі, распрацоўшчыкамі і прадстаўнікамі бізнес-супольнасці, сферы дзяржаўнага кіравання. Алена Апякун прывяла таксама некаторыя прыклады навуковых распрацовак і тых паслуг, якія на дадзены момант гатовы даць наш універсітэт.
У рамках пленарнага пасяджэння выступілі таксама прадстаўнікі навуковых, адукацыйных і навукова-даследчых арганізацый, якія прынялі ўдзел у кангрэсным мерапрыемстве біржы дзелавых кантактаў. Завяршылася сустрэча правядзеннем дзелавых перамоў і падпісаннем пратаколаў аб намерах.