Навучэнцы гімназій, школ, ліцэяў, каледжаў, цэнтраў тэхнічнай творчасці, кіраўнікі праектаў, бацькі і выкладчыкі сабраліся для правядзення абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі «ТэхнаІнтэлект» на базе фізіка-тэхнічнага факультэта.
З прывітальным словам выступілі дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Генадзь Гачко і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іна Бачко, якія расказалі аб правілах удзелу ў конкурсе і пажадалі паспяховага выступлення з дакладамі ў секцыях.
Рабяты ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў прадставілі свае працы ў 9 секцыях: «Тэхнічнае канструяванне», «Энергетыка і электратэхніка. Энергазберагальныя тэхналогіі», «Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне», «Сучасныя і перспектыўныя матэрыялы», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», «Работатэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы», «Мультымедыйныя тэхналогіі», «Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка». Усяго ў 9 секцыях удзельнічалі 85 работ навучэнскай моладзі. Пераможцы абласнога этапа прадставяць Гродзеншчыну на Рэспубліканскім этапе конкурсу, які пройдзе ў сталіцы ў маі гэтага года.
Удзельнікі прыбылі з Ліды, Ашмян, Гродна, Ваўкавыска, Скідаля, Адэльска, Слоніма, Смаргоні, Мастоў, Шчучына, Зэльвы, Бераставіцы, Навагрудка, Воранаўскага, Дзятлаўскага, Мастоўскага, Лідскага, Гродзенскага, Слонімскага раёнаў.
Конкурс накіраваны на пошук маладых талентаў, іх падтрымку і прадастаўленне дадатковых магчымасцей для рэалізацыі іх творчых ідэй, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне перадавога вопыту арганізацыі інавацыйнай і навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Таксама конкурс закліканы сфарміраваць у вучняў імкненне прымножыць дасягненні дзяржавы праз уласныя поспехі ў галіне інавацыйнай і навукова-тэхнічнай творчасці. Інтэлектуальнае спаборніцтва арганізавана сумесна Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Гродзенскім абласным цэнтрам тэхнічнай творчасці.