Семінар "Блогінг: развіццё, магчымасці, перспектывы" прайшоў 19 кастрычніка на пляцоўцы Купалаўскага ўніверсітэта і быў арганізаваны ў рамках работы Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці, які функцыянуе з мэтай забеспячэння інавацыйнага развіцця інфармацыйнай прасторы рэгіёну за кошт выпрацоўкі эфектыўных механізмаў узаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый. адукацыі, навукі і вытворчасці.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА "Белая Русь" Святлана Вараніца. Мадэратарам мерапрыемства выступіў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Віктар Белазаровіч.
Прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Праневіч ад імя рэктара ўніверсітэта Ірыны Кітурка прывітаў удзельнікаў семінара і пажадаў ім прадуктыўнай і зладжанай працы.
Звяртаючыся да гасцей, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк адзначыў, што правядзенне семінара ў рамках работы Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці стала традыцыйным. Дзякуючы яму ёсць магчымасць аб'яднаць намаганні журналістаў, блогераў, прадстаўнікоў інфармацыйна-прапагандысцкай работы Гродзенскай вобласці, а таксама вучоных кафедры журналістыкі універсітэта з мэтай абмеркавання пытанняў развіцця медыйнай сферы рэгіёну для эфектыўнай рэалізацыі інфармацыйнай палітыкі нашай дзяржавы.
- Сёння мы павінны пачуць, як будзе развівацца блогінг у найбліжэйшай будучыні, і ўбачыць падводныя камяні ў медыйным асяроддзі для таго, каб умела пераважаць у інфармацыйнай прасторы і даносіць праўдзівую інфармацыю, - падкрэсліў Віктар Пранюк.
У сваёй прамове дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Віктар Белазаровіч адзначыў, што нацыянальная бяспека рэспублікі сёння звязана з абаронай інфармацыйнай прасторы, таму на семінары будзе выпрацаваны эфектыўны механізм стварэння агульнага інфармацыйнага поля рэгіёна.
Тэма семінара была абрана не выпадкова, бо постаць блогера і значэнне блогаў у сучаснай інфармацыйнай прасторы складана пераацаніць. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі заслухалі даклады на актуальныя тэмы.
Так, дацэнт кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Тамара Піваварчык расказала аб блогінгу як тэхналогіі сацыяльнай і палітычнай камунікацыі ў рэгіёне. З дакладам аб тэхналогіі вытворчасці маладзёжнага стрымінгавага YouTube-праекта "Паток" выступіла загадчык кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Іна Мінчук.
Перад удзельнікамі семінара выступілі і журналісты-практыкі. Так, дырэктар-галоўны рэдактар дзяржаўнай установы «Рэдакцыя «ЛідаМедыяКампанія» Павел Івуць узняў тэму месца і ролі дзяржаўных СМІ ў сетцы Інтэрнэт.
Пра сацыяльныя медыі як інструмент станоўчага іміджу (на прыкладзе TikTok-акаўнта ААТ «Граніт-агра» Дзятлаўскага раёна) распавёў інжынер ААТ «Граніт-агра» Дзяніс Трафімчык. Пра інфармацыйную палітыку Белай Русі расказала намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА "Белая Русь" Святлана Вараніца.
Падводзячы вынікі семінара, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка падзякаваў кіраўніцтву Купалаўскага ўніверсітэта за прадстаўленую пляцоўку для правядзення мерапрыемства, а спікераў – за цікавыя даклады, адзначыўшы, што падобныя сустрэчы будуць мець працяг.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.