Новыя падыходы ў прафарыентацыйнай рабоце з абітурыентамі прадставіў мадэратар семінара, старшы выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін Уладзімір Мыш'якаў.
З яго ўдзелам на факультэце фізічнай культуры распрацаваны рэкамендацыі аб парадку правядзення ўніверсітэцкай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», якая накіравана на выяўленне і прыцягненне для навучання ў ГрДУ імя Янкі Купалы найбольш здольных і адораных навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Уладзімір Мыш'якаў прадставіў у разгорнутым выглядзе змест асноўных мерапрыемстваў алімпіяды. На папярэднім этапе запланавана праверка фізічнай падрыхтаванасці ўдзельнікаў, на другім - тэсціраванне ўзроўню ведаў па прадмеце «Фізічная культура і здароўе».
«На факультэце фізічнай культуры не першы год вядзецца мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы навучэнцаў школ да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па прадмеце «Фізічная культура і здароўе»», – адзначыў Уладзімір Мыш'якаў. – На платформе для тэставання Купалаўскага ўніверсітэта размешчаны навучальныя матэрыялы і тэставыя заданні па асновах алімпійскага руху для навучэнцаў 7 - 11 класаў».
Удзельнікі семінара пазнаёміліся з інфармацыйнымі рэсурсамі па стварэнню інтэрактыўнага асяроддзя навучання для школьнікаў, якія цікавяцца гісторыяй летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў, дасягненнямі беларускіх спартсменаў. У прыватнасці, былі прадэманстраваны ўласныя распрацоўкі мадэратара на платформе Learningapps.org і вэб-квест «Востраў алімпійскіх ведаў»«Востраў алімпійскіх ведаў».
Мерапрыемствы праекта «Адкрытае навучанне» працягваюцца. Запрашаем выкладчыкаў і студэнтаў прыняць удзел у навучальным семінары «Біялогія і гісторыя: міждысцыплінарнае супрацоўніцтва на практыцы», які правядзе дацэнт кафедры батанікі Анастасія Саковіч. Семінар адбудзецца 25 красавіка ў аўдыторыі 218а навучальнага корпуса па вуліцы Ажэшкі, 22. Пачатак а 15:05.
Рэфлексія ўдзельнікаў семінара
Вялікі дзякуй мадэратару за цёплыя зносіны, жывыя прыклады і… гімнастычны комплекс «Тонус»! Святлана Зайкова, дацэнт кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютарнай бяспекі, кандыдат фізіка-матэматычных навук.
Ні секундачкі не пашкадавала аб наведванні семінара. Мадэратар вельмі выразна, паслядоўна і даступна выклаў свае думкі. Назапасілася карыснай інфармацыяй. Вольга Паўлюціна, выкладчык кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі, магістр філалагічных навук.
Выдатна, што аб фізічнай актыўнасці расказваў захоплены выкладчык. Антаніна Семак, старшы выкладчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі.