VI Рэспубліканская навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя студэнтаў і маладых даследчыкаў «Медыякамунікацыі ў ХХI стагоддзі: традыцыі і навацыі» адбылася ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Шосты раз кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму сабрала даследчыкаў сучаснай медыясферы. На канферэнцыі абмяркоўваліся актуальныя праблемы мовы і стылю медыякамунікацый, пытанні трансфармацыі традыцыйных СМІ і функцыянавання новых медыя, тэндэнцыі рэкламнай і PR-камунікацыі, вектары развіцця медыяадукацыі і медыяпісьменнасці, а таксама аспекты камунікацыйнай дзейнасці дзяржаўных устаноў і камерцыйных арганізацый у інтэрнет-прасторы.
У 2024 годзе канферэнцыя аб'яднала больш за 60 удзельнікаў з розных ВНУ краіны. Яны падзяліліся сваім меркаваннем наконт асаблівасцей сучаснай беларускай медыяпрасторы, а таксама абмеркавалі тэму праблем і перспектыў сучаснай рэгіянальнай журналістыкі.
Традыцыйна канферэнцыя прайшла ў двух фарматах - дыстанцыйным і завочным. У якасці мадэратараў секцый выступілі выкладчыкі і супрацоўнікі кафедры журналістыкі, а таксама магістранты спецыяльнасці «Журналістыка (Медыяменеджмент)». Праграма канферэнцыі даступна па спасылцы.
На канферэнцыі былі заслуханы даклады на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай. Трэба адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў, дэталёвае вывучэнне тэмы і гатоўнасць да абароны свайго пункту гледжання. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх удзел у мерапрыемстве, найлепшыя даклады былі адзначаны дыпломамі. Па выніках канферэнцыі будзе падрыхтаваны зборнік матэрыялаў, які пройдзе дэпаніраванне.