Арганізацыя святочных акцый студэнтамі студгарадка з'яўляецца добрай традыцыяй.
Прадстаўнікі інтэрната № 2 студэнцкага гарадка купалаўскага ўніверсітэта, якім кіруе Наталля Гурына, напярэдадні Новага года паднеслі падарункі для выхаванцаў спецыялізаванага дома дзіцяці з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі.
Візіт купалаўцаў праходзіў у рамках акцыі «Тэрыторыя міласэрнасці».
– Наведванне дзіцячых дамоў і дома малюткі стала добрай традыцыяй студэнцкага гарадка і канкрэтна нашага інтэрната, - расказала Наталля Уладзіміраўна. - Мы імкнемся зрабіць жыццё дзетак маляўнічай, разнастайнай і цікавай. Галоўнае, каб яны менш хварэлі і ўсміхаліся. Разам з падарункамі мы падарылі ім крышачку свайго часу, цяпла і дабрыні!
Па ініцыятыве Студэнцкага савета інтэрната № 5 была арганізавана акцыя «Навагодняя казка». Студэнты ўручылі садавіну, прысмакі, навагоднія гірлянды, настольныя развіваючыя гульні і цацкі выхаванцам Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Юнакі і дзяўчаты правялі для дзяцей конкурсы, пагулялі і ад душы разам з дзеткамі павесяліліся ля навагодняй елкі.