Чэмпіянат Еўропы па тайскім боксе сабраў наймацнейшых кікбаксёраў у Харватыі. У ліку ўдзельнікаў зборная Беларусі, у склад якой увайшоў магістрант факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Дзмітрый Варац.
Па выніках шэрагу паядынкаў з супернікамі Дзмітрый заваяваў тытул чэмпіёна Еўропы па кікбоксінгу, а зборная Беларусі заняла першае агульнакаманднае месца сярод мужчын. Дзякуючы гэтай перамозе купалавец ужо стаў адным з васьмі ўдзельнікаў Сусветных гульняў, якія пройдуць у Раслаўлі ў 2017 годзе.
Варта адзначыць, што гэта не першая перамога Дзмітрыя на міжнародных спаборніцтвах. Так, у 2014 годзе ён таксама станавіўся чэмпіёнам Еўропы. У тым жа годзе ў Славакіі заваяваў тытул чэмпіёна свету па кікбоксінгу ў версіі W5, а ў 2015 годзе стаў пераможцам галоўнага гадавога турніру прамоўшэн «Top King World Series» у Паттайе.