У гэтым годзе навуковы форум «Свет у псіхалогіі і псіхалогія ў свеце» быў прысвечаны псіхалагічнаму здароўю асобы ў XXI стагоддзі.
Адкрылі сустрэчу ўдзельнікі сацыяльнага праекта «Жыццё без межаў» казкай «Церамок» на італьянскай мове. Яе падрыхтавалі вучні сярэдняй школы № 38 г. Гродна і валанцёры факультэта псіхалогіі купалаўскага ўніверсітэта сумесна з італьянскім дабрачынным фондам "Дапаможам ім жыць».
На пленарным пасяджэнні выступілі навукоўцы, псіхолагі-практыкі, прадстаўнікі аховы здароўя і бізнес-структур. У прыватнасці, удзельнікі казалі пра важнасць выдзялення паняццяў псіхічнага і псіхалагічнага здароўя, значнасці ведаў і адукацыі ў захаванні і падтрыманні псіхалагічнага здароўя сучаснай асобы, асноўных праблемах паводзінаў сучасных падлеткаў, асаблівасцях працы сямейнага псіхолага, экзыстэнцыяльным разуменні эмоцый, важнасці працы псіхолага з эмацыйнымі праявамі кліента. Акрамя таго, навукоўцы-псіхолагі дзяліліся вопытам практычнай работы.
Падчас працы секцый праблемнае поле навуковага форуму ўключала ў сябе абмеркаванне і пошук рашэнняў праблем сучаснай практычнай псіхалогіі. Так, на секцыйных пасяджэннях падымаліся пытанні псіхалагічнага здароўя асобы ў розныя ўзроставыя перыяды, як асобаснага рэсурсу, у кантэксце жыццёвага шляху асобы, псіхалагічнага здароўя чалавека на працоўным месцы, духоўнага здароўя асобы. Актуальнымі апынуліся пытанні якасці жыцця сучаснага чалавека, рэпрадуктыўнага здароўя сям'і і моладзі, ролі сям'і ў захаванні і ўмацаванні псіхалагічнага здароўя яе членаў, ролі перынатальнай псіхалогіі ў захаванні псіхалагічнага здароўя. Таксама казалі пра сучасныя метады псіхалагічнай дапамогі і псіхатэрапіі ў захаванні і ўмацаванні псіхалагічнага здароўя асобы, прафілактыцы і псіхакарэкцыі псіхасаматычных захворванняў, дыягностыцы і псіхакарэкцыі розных відаў залежнасцяў ў дзяцей і дарослых, якасці жыцця і паліятыўнай дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
У рамках фестывалю прайшлі 28 майстар-класаў, трэнінгі для абітурыентаў, была арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак, арт-студыі і выставы навукова-метадычнай літаратуры. Асаблівую цікавасць у гасцей выклікалі выставы фотаработ «Псіхалагічны фармат» і творчых работ навучэнцаў і студэнтаў «Я і псіхалогія».
Нагадаем, што арганізаваў фестываль факультэт псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, упраўленнем адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гродзенскім абласным грамадскім аб'яднаннем практычных псіхолагаў.
З усімі навінамі факультэта псіхалогіі можна азнаёміцца тут.