Навуковы форум сабраў удзельнікаў з універсітэтаў сеткі ўніверсітэтаў Балтыйскага рэгіёну, членам якой з'яўляецца Гродзенскі ўніверсітэт.
Сярод іх прадстаўнікі Беларусі, Латвіі, Расіі, Швецыі, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі. Купалаўскі ўніверсітэт прадставілі дацэнт кафедры будаўнічых канструкцый інжынерна-будаўнічага факультэта Ірына Арцукевіч і старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі філалагічнага факультэта Алена Джух, якая з'яўляецца каардынатарам праграмы ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Мерапрыемства ўключала творчую напружаную працу шасці секцый, у якіх была выпрацавана стратэгія па мадэрнізацыі падыходаў да навучання студэнтаў і сістэмы іх падрыхтоўкі. У прыватнасці, калегі абмеркавалі інавацыйныя падыходы ў выкладанні і навучанні, а таксама адзначылі дасягненні і тэндэнцыі ў галіне навукі і тэхнікі, накіраваныя на ўстойлівае развіццё сучаснага грамадства. Выпрацаваная стратэгія паляпшэння сучаснай адукацыі, па словах удзельнікаў, можа ўмацаваць стабільнасць грамадскага жыцця.
Акрамя гэтага, для прадстаўнікоў універсітэтаў сеткі Балтыйскага рэгіёну быў арганізаваны семінар «Дызайн-мысленне для педагогаў». Як распавяла Алена Джух, гэтая метадалогія рашэння дзелавых і вучэбных задач грунтуецца на творчым, а не аналітычным падыходзе.
–Галоўнай асаблівасцю дызайн-мыслення, у адрозненне ад аналітычнага мыслення, з'яўляецца не крытычны аналіз, а творчы працэс, у якім часам самыя нечаканыя ідэі вядуць да лепшага вырашэння праблемы, - падзялілася Алена Мікалаеўна.
Акрамя таго, прадстаўнікі розных краін наведалі Даліну Сантака. Тут праводзяць навуковыя даследаванні ў галіне дыягнастычных і вымяральных тэхналогій, інтэлектуальнага асяроддзя і інфармацыйных тэхналогій, энергетыкі, устойлівага росту і ўстойлівай эвалюцыі сацыякультуры, выкарыстоўваюць новыя матэрыялы для высокіх тэхналогій і тэхналогіі для ўстойлівага развіцця. Даліна Сантака адкрыта для навукоўцаў і даследчыкаў, для навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ і рэалізацыі праектаў у галіне ўстойлівага развіцця ў такіх сферах, як хімія і біяфармацыя, мехатроніка і электронныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі.
З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна азнаёміцца тут.
З усімі навінамі інжынерна-будаўнічага факультэта можна азнаёміцца тут.