16 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі на чале з рэктарам універсітэта Ірынай Кітурка далучыліся да рэспубліканскай дыктоўкі «Дзень народнага адзінства».
Ужо ў чацвёрты раз дыктоўка аб’ядноўвае ўсіх беларусаў і нагадвае, што наш народ адзіны, незалежны і ганарыцца сваёй краінай і яе гісторыяй.
– Для нас гэтае свята мае асаблівае значэнне, таму што дзякуючы гэтаму Дню не толькі аб’ядналася Заходняя і Усходняя Беларусь, але і дзякуючы менавіта гэтаму Дню праз паўгода ўзнік наш універсітэт, – адзначыла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.
Дыктоўка трансліравалася ў прамым эфіры з залаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На працягу трох гадоў тэкст чытаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. У гэтым годзе пачэсную місію атрымаў знакаміты беларускі блогер Андрэй Максімаў. Тэкст дыктоўкі распрацаваны Акадэміяй адукацыі і расказвае пра падзеі 1939 года і гісторыю стварэння Дня народнага адзінства.
Пасля напісання тэкст дыктоўкі апублікавалі на афіцыйных рэсурсах, дзе кожны змог праверыць напісанае і пазнаёміцца з магчымымі памылкамі.