Ужо на наступным тыдні Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» у шосты раз адчыніць дзверы. Гэта ўнікальная прастора для тых, хто жадае спасцігнуць багацце беларускага слова і дакрануцца да глыбінь нацыянальнай спадчыны. Што падрыхтавалі арганізатары для ўдзельнікаў у гэтым годзе?
Геаграфія праекта штогод пашыраецца: традыцыйна да нас прыязджаюць студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава і Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сёлета да іх далучацца навучэнцы Педагагічнага каледжа імя Някрасава з Санкт-Пецярбурга і прадстаўнікі Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акрамя таго, у гэтым сезоне школа чакае гасцей з Польшчы і з Іспаніі.
Распарадак дня пабудаваны максімальна эфектыўна: першая палова адведзена пад інтэнсіўныя аўдыторныя заняткі, а другая прысвечана культурна-экскурсійнай і творчай праграме. Агулам навучэнцаў чакае 50 акадэмічных гадзін, асноўная частка якіх прыпадае на паглыбленае вывучэнне беларускай мовы.
Навучальны блок закранае найбольш цікавыя раздзелы лінгвістыкі. На занятках па арфаэпіі пад змястоўнай назвай «Скажы што-небудзь, каб я цябе ўбачыў» удзельнікі будуць адпрацоўваць правільнае вымаўленне і мілагучнасць мовы. Вялікую цікавасць абяцаюць выклікаць працы дацэнта кафедры беларускай філалогіі Марыі Якалцэвіч, прысвечаныя вобразу жанчыны ў беларускай параміялогіі (прыказках і прымаўках), што вельмі сімвалічна ў Год беларускай жанчыны.
Асобная ўвага будзе нададзена безэквівалентнай лексіцы – адметным беларускім словам, якія не маюць прамых аналагаў у іншых мовах і адлюстроўваюць унікальныя народныя паняцці (напрыклад, буслянка ці знічка). Багатую фразеалагічную спадчыну, якая лічыцца адной з найбагацейшых у славянскім свеце, удзельнікам раскрые дацэнт кафедры беларускай філалогіі Ірына Хлусевіч.
Акрамя таго, слухачы разгледзяць асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове ў параўнанні з іншымі мовамі. Замацаваць атрыманыя веды дапаможа практычная праца з тэматычнымі палямі «Горад» і «Чалавек», дзе навучэнцы апрацуюць шырокі пласт адпаведнай лексікі.
Таксама для ўдзельнікаў школы падрыхтваны займальны блок тэматычных лекцый па беларускай літаратуры. Слухачы паглыбяцца ў свет жаночай паэзіі і спасцігнуць творчую спадчыну Івана Мележа на лекцыі «Пясняр Палесся». А дацэнт кафедры беларускай філалогіі Святлана Тарасава правядзе занятак «Чарнобыльская тэматыка ў беларускай літаратуры», дзе пазнаёміць удзельнікаў як з класічнымі творамі (напрыклад, раманам «Злая зорка» Івана Шамякіна), так і з творчасцю сучасных аўтараў.
Знаёміцца з беларускай культурай удзельнікі Летняй школы будуць разам з дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандрам Горным на занятках, прысвечаных фарміраванню нацыянальнай беларускай ідэі. А лекцыя «І тчэ, забыўшыся, рука» адкрые сакрэты знакамітых слуцкіх паясоў. Не абыдзецца і без інтэрактыву. Удзельнікаў чакае традыцыйны майстар-клас па беларускай кухні «Пакаштуйце – смачна!» і гучнае караоке па-беларуску, якое штораз праходзіць вельмі актыўна.
Аднак праграма Летняй школы не абмяжоўваецца толькі аўдыторнымі заняткамі.
– Безумоўна, для ўдзельнікаў мы падрыхтавалі аглядныя экскурсіі па Гродне з абавязковым наведваннем Каложскай царквы. Тыя, хто прыязджае да нас ужо ў трэці ці чацвёрты раз, з усмешкай кажуць: «У Гародні Каложы многа не бывае!». Таксама ў нядзелю, 9 жніўня, у нас запланаваны дзень музеяў. Акрамя таго, мы распрацавалі дзве праграмы экскурсійнага дня. У пятніцу мы адправімся ў Наваградак – першую сталіцу Вялікага княства Літоўскага. Там удзельнікаў будзе чакаць майстар-клас па выцінанцы і выбіванцы ад народнага майстра. Дарэчы, зусім нядаўна беларуская выцінанка была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Далей у Райцы мы ўбачым адну з самых цікавых святынь – царкву Святой Варвары і паспрабуем сябе ў саломкапляценні. Другі экскурсійны дзень прысвечаны падарожжу на Аўгустоўскі канал і ў Сапоцкін, дзе ўдзельнікі абудзяць сваё творчае натхненне на майстар-класе па беларускай пісанцы, – распавёў пра насычаную праграму дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько.
У апошні дзень традыцыйна пройдзе Дзень самакіравання. Кожны год яго тэматыка абнаўляецца: раней удзельнікі стваралі «Музей сябе», «Музей групы», а на юбілейны пяты год – «Музей Летняй школы». Сёлета канцэпцыю сфармулявалі даволі сцвярджальна: «Дзе шчаслівым можа быць? У Гародні!!!».