Версия для печати
Понедельник, 10 августа 2026 17:01

Ад гістарычных адкрыццяў да нацыянальнай кухні ў Летняй школе

IMG 9883Гісторыя, спадчына і прысмакі – у Летняй школе беларускай мовы і культуры кожны дзень тоіць у сабе новыя адкрыцці. Навучэнцы прайшлі дарогамі класікаў, даведаліся пра вытокі беларускай нацыі і навучыліся гатаваць шэдэўры традыцыйнай кухні.

Насычаныя выходныя мінулі, але нават у сонечныя дні адпачынку ўдзельнікі Летняй школы не спынялі свайго імпэту ў даследаванні беларускай культуры. У Музеі Максіма Багдановіча госці даведаліся пра дзяцінства песняра чыстай красы на Гродзеншчыне, у Доме-музеі Элізы Ажэшка пачулі пра стварэнне яе знакамітых твораў у горадзе над Нёманам, а таксама з цікавасцю наведалі славуты Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі.

Гістарычны экскурс працягнуўся і з пачаткам новага тыдня. Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны правёў для навучэнцаў лекцыю, прысвечаную фарміраванню беларускай нацыі, вытокам нацыянальнай ідэі і складанаму шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Калі ў мінулыя гады Аляксандр Горны знаёміў гасцей з горадам падчас экскурсій, то сёлета набыў лекцыйны досвед:

Лічу, што слухачам школы гэтая тэма вельмі карысная. Яны павінны разумець, як беларуская мова развівалася ў гістарычным кантэксце, як набывала свае грамадскія, культурныя і інтэлектуальныя рысы. Падобныя лекцыі значна пашыраюць веды слухачоў. Рэакцыя навучэнцаў была надзвычай станоўчай: многія ўсвядомілі, што гісторыя Беларусі гэта складаны, трагічны і адначасова гераічны шлях.

Надалей навучэнцаў чакаў самы смачны майстар-клас па беларускай кухні – «Пакаштуйце – смачна!». Меню сустрэчы адразу выклікала такія ўяўленні, што слінкі цяжка было ўтрымаць: бабка з мясам і грыбамі, калабкі з разынкамі, яблыкі з мёдам і асвяжальны мятны напой.

Пад кіраўніцтвам вопытных гаспадынь працэс гатавання праходзіў лёгка, весела і з карысцю. Бо як яшчэ на ўсе сто адсоткаў адчуць дух краіны і спазнаць яе культуру, калі не пакаштаваць нацыянальныя стравы і, галоўнае, не навучыцца гатаваць іх уласнымі рукамі?

Вось так апетытна, прывольна і па-хатняму цёпла завяршыўся яшчэ адзін дзень у Летняй школе. А наперадзе ўдзельнікаў чакае яшчэ шмат яркіх адкрыццяў і незабыўных імгненняў!