Версия для печати
Вторник, 12 августа 2025 14:05

Удзельнікі Летняй школы беларускай мовы і культуры ГрДУ імя Янкі Купалы знаемяцца з гісторыяй Гродна

20250811 163943Аматары беларускага слова не толькі актыўна вывучаюць мову, але і знаемяцца з гістарычнай і культурнай спадчынай народа. 11 жніўня для ўдзельнікаў Летняй школы правялі экскурсіі ў музей рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда», Брыгіцскі касцел і драўляны лямус.

Пачалася экскурсійная праграма з наведвання рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда». Слухачы даведаліся пра гісторыю абласной газеты – ад самага яе стварэння да нашых дзен. Таксама ім распавялі пра галоўных рэдактараў мінулых гадоў і паказалі экспанаты, якія прадстаўляюць розныя этапы развіцця друкаваных СМІ. Падчас экскурсіі слухачы актыўна задавалі пытанні, у тым ліку аб прысутнасці ў газеце літаратурнай старонкі. На памяць кожны ўдзельнік змог узяць нумар «Гродзенскай праўды»за апошні месяц.

Далей удзельнікі Летняй школы накіраваліся ў Брыгіцкі касцел. Там іх сустрэў пробашч Антоні Грэмза. Падчас экскурсіі ен пагрузіў слухачоў у гісторыю будаўніцтва касцела, распавеў пра ордэн брыгітак, для якіх пабудаваны асобны манастыр, прадэманстраваў фонд старажытных рэлігійных кніг, а таксама згадаў пра рэстаўрацыю пабудовы. У слухачоў таксама была магчымасць спусціцца ў былую пахавальню пры касцеле.

Затым Антоні Грэмза павеў удзельнікаў Летняй школы ў драўляны лямус, які знаходзіцца на тэрыторыі манастыра брыгітак. Ен адметны тым, што з'яўляецца адным з двух пакінутых на тэрыторыі Беларусі 300-гадовым драўляным збудаваннем. Унікальнасць пабудовы складаецца ў тым, што яна сабраная без адзінага цвіка. Так будавалі ў XVII-XVIII стагоддзях на тэрыторыі Беларусі. Унутры экскурсанты ўбачылі экспазіцыю, прысвечаную народнаму побыту. Таксама яны даведаліся, якія экспазіцыі яшчэ рыхтуюцца для дэманстрацыі.

Экскурсія дазволіла замежным гасцям глыбей пагрузіцца ў гісторыю і культуру Беларусі і лепш пазнаць Гродна.

Нагадаем, навучанне ў Летняй школе «Пад светлым іменем Купалы», якая праходзіць на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы, пачалося 4 жніўня і працягнецца да 15 жніўня. Селета яе ўдзельнікамі сталі 20 аматараў беларускага слова з Расіі, Казахстана і Туркменістана.