Будучыя кіраўнікі сферы адукацыі дэталёва азнаёміліся з багатымі экспазіцыямі Старога замка, размешчанымі ў васьмі выставачных залах. Магістранты вывучылі ключавыя этапы забудовы Замкавай гары - ад дзядзінца XI-XII стагоддзяў і гатычнага замка Вітаўта да рэнесанснага палаца Стэфана Баторыя і перабудоў наступных стагоддзяў. Госці ўбачылі ўнікальныя археалагічныя знаходкі, зброю, старажытныя прадметы побыту і дакладныя гістарычныя рэканструкцыі баявых сцягоў.
Купалаўцы адзначылі, што традыцыйны фармат выставы гарманічна спалучаўся з перадавымі тэхналогіямі: інтэрактыўнымі вітрынамі, мультымедыйнымі кіёскамі і 3D-мапінгам, дзякуючы якому на сценах вежы "ажыла" першая графічная выява Гродна – знакамітая гравюра Адэльгаўзера-Цюнта.
Завяршылася экскурсія наведваннем назіральнай пляцоўкі Старога замка, з якой перад гасцямі адкрыліся маляўнічыя віды на раку Нёман, старажытную Каложскую царкву і Новы замак, які стаіць па суседстве. Фінальным акордам сустрэчы стала памятная фотасесія.