Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 16 Люты 2026 16:57

У ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылася Лабараторыя кібербяспекі Kaspersky

IMG 5141Сёння, 16 лютага, на факультэце матэматыкі і інфарматыкі прайшла цырымонія адкрыцця Лабараторыі кібербяспекі Kaspersky. Стратэгічным партнёрам універсітэта і спонсарам праекта выступіла кампанія Kaspersky - сусветны лідар у галіне распрацоўкі ахоўных сістэм і сэрвісаў лічбавай прыватнасці.

Мерапрыемства аб'яднала студэнтаў, выкладчыкаў і прадстаўнікоў кампаніі АТ «Лабараторыя Касперскага». Сярод ганаровых гасцей намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк.

Новая адукацыйная пляцоўка стане сувязным звяном паміж тэарэтычным навучаннем і практычнай дзейнасцю. Тут студэнты змогуць вывучаць сучасныя выклікі інфармацыйнай бяспецы на рэальных прыкладах з прамысловага сектара эканомікі і ІТ-індустрыі.

– Сёння мы адкрываем не проста лабараторыю, а адну з самых запатрабаваных адукацыйных пляцовак сучаснасці. Мы бачым, што колькасць кіберзлачынстваў у свеце імкліва расце, а значыць, пытанні інфармацыйнай бяспекі павінны стаяць на чале. Профільныя спецыялісты сёння неабходны кожнай арганізацыі і кожнаму прадпрыемству. Каб забяспечыць надзейную абарону лічбавага асяроддзя, мы будзем праводзіць тут заняткі не толькі са студэнтамі і супрацоўнікамі, але і, у перспектыве, са школьнікамі, расказала Ірына Кітурка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы.

Матэрыяльна-тэхнічную базу лабараторыі складаюць сучасныя камп'ютары, сервернае і сеткавае абсталяванне, прадастаўленае "Лабараторыяй Касперскага».

Дзмітрый Кудрэвіч, генеральны менеджэр кампаніі «Kaspersky» у Беларусі, адзначыў:

Мы рады падтрымаць універсітэт у такім няпростым шляху фарміравання сістэмы кібербяспекі. Нагадаю, што ў Рэспубліцы Беларусь прынята і дзейнічае асобная, самастойная Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Таму адкрыццё лабараторыі накіравана на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі.

У новай лабараторыі будуць праходзіць практыка-арыентаваныя заняткі па дысцыплінах «Інфармацыйная бяспека» і «Кібербяспека». Студэнты асвояць працу са спецыялізаваным абсталяваннем і ПЗ, вывучаць прынцыпы працы сістэм класа IDS/IPS і SIEM, антывірусных рашэнняў і сродкаў абароны канфідэнцыйных дадзеных. Пляцоўка стане базай для навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў і выкладчыкаў, у прыватнасці для вывучэння і ўкаранення канцэпцыі кіберімунітэту. Таксама тут будуць рыхтаваць каманды да ўдзелу ў профільных прафесійных конкурсах і спаборніцтвах.

Гэта ўжо 4 падобная лабараторыя ў Беларусі, створаная пры падтрымцы «Лабараторыі Касперскага». Раней аналагічныя цэнтры адкрыліся на базе Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.