Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 15 Красавік 2024 16:58

Імёны фіналістаў VI Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2024» назавуць у Купалаўскім універсітэце 18–19 красавіка

image 2024 04 12 16 33 22Купалаўскі ўніверсітэт шосты раз стане пляцоўкай правядзення Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2024». Журы фестывалю-конкурсу, які ладзіць ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, завяршыла сваю працу. Фіналістамі сталі 65 праектаў, аўтары якіх будуць адзначаны дыпломамі 1, 2, 3 ступені і спецыяльнымі намінацыямі журы.

Фестывальныя мерапрыемствы і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца 18–19 красавіка 2024 г. у Купалаўскім універсітэце. Праграма фестывалю даступна па спасылцы. У першы дзень адбудзецца цырымонія адкрыцця, прэзентацыя міждысцыплінарнага праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», які рэалізуецца ў ГрДУ імя Янкі Купалы па ініцыятыве Пракуратуры Гродзенскай вобласці. У першы дзень адбудзецца таксама прагляд і абмеркаванне творчых работ фіналістаў. У час абмеркавання праектаў аўтары змогуць задаць пытанні членам журы, атрымаць кампетэнтны каментар ад спецыялістаў. Завершыцца фестывальны дзень экскурсіяй па горадзе Гродне.

У другі дзень фестывалю-конкурсу пройдуць майстар-класы ад прафесіяналаў у сферы масмедыя ў трох напрамках: «Аўдыёвізуальныя СМІ», «Тэхніка і тэхналогіі сучаснай журналістыкі», «Сучасныя рэкламныя і PR-камунікацыі». Кіраўнікі творчых груп прымуць удзел у круглым стале «Новыя медыя як пляцоўкі для рэалізацыі маладзёжных праектаў». Завершыцца фестываль цырымоніяй узнагароджання фіналістаў і пераможцаў VI Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2024».

У тэлеграм-канале студэнцкага медыяцэнтра пачалася рэгістрацыя на майстар-класы. А ўжо ў панядзелак, 15 красавіка, там жа стартавала галасаванне за прыз сімпатый гледачоў VI Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2024».

VI Рэспубліканскі маладзёжны фестываль-конкурс «МЕДЫЯСФЕРА-2023» праводзіць ГрДУ ім. Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Фестываль праводзіцца ў год, аб'яўлены Годам якасці, і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.