Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 12 Красавік 2024 08:13

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся круглы стол, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, з прэзентацыяй калектыўнай манаграфіі

геноцид11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, Купалаўскі ўніверсітэт чарговы раз стаў пляцоўкай для абмеркавання вынікаў міждысцыплінарнага праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», які рэалізуецца сумесна з пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Таксама ў рамках мерапрыемства была ўпершыню прадстаўлена калектыўная манаграфія «Боль памяці. Лагеры савецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў, старшы саветнік юстыцыі, намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат.

У працы круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковай грамадскасці ўніверсітэтаў г. Гродна, пракуратуры Гродзенскай вобласці, СМІ, а таксама студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы і вучні прававога класа «Юны пракурор» СШ № 28 імя В.Д. Сакалоўскага.

Адкрыла імпрэзу рэктар універсітэта Ірына Кітурка. У прывітальнай прамове яна адзначыла, што дзякуючы рэалізацыі міждысцыплінарнага праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі» сумесна з пракуратурай Гродзенскай вобласці студэнты і выкладчыкі Купалаўскага універсітэта атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі рэальных крымінальных спраў перыяду ВАВ:

 Сёння нас сабрала памятная і адначасова трагічная дата для нашай гісторыі – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Мы зрабілі свой пасільны ўклад у расследаванне крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа і ў захаванне гістарычнай памяці для нашых сучаснікаў і нашчадкаў. Кроў стыне ў жылах, калі датыкаешся з рэаліямі таго часу і тымі жудаснымі ўмовамі, у якіх знаходзіліся вязні.

Таксама Ірына Фёдараўна прэзентавала калектыўную манаграфію «Боль памяці. Лагеры савецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Праца заснавана на дакументальных крыніцах і прысвечана лагерам савецкіх ваеннапалонных, размешчаных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Рэктар выказала словы падзякі ўсім тым, хто прыйшоў падзяліць сённяшнюю падзею, а таксама супрацоўнікам і студэнтам універсітэта, работнікам пракуратуры, якія прынялі ўдзел у падрыхтоўцы манаграфіі.

Важнасць мерапрыемства адзначыў у сваёй прамове і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён звярнуў увагу, што праца неабыякавых да свайго мінулага вучоных і студэнтаў дазволіць сучаснікам і будучым пакаленням ведаць гістарычную праўду.

Пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў падкрэсліў, што манаграфія «Боль памяці. Лагеры савецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны» – чарговы прадукт рэалізацыі сумеснага міждысцыплінарнага праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», які ў век высокіх інфармацыйных тэхналогій павінен быць папулярызаваны і даступны для шырокага кола нашых грамадзян.

Ад абласнога Савета дэпутатаў словы ўдзячнасці за працу па рэалізацыі міждысцыплінарнага праекта выказала Алена Пасюта. Яна выказала надзею на магчымасць з'яўлення новых адкрыццяў і новых праектаў у найбліжэйшай будучыні, паколькі наступствы генацыду беларускага народа назаўжды застанецца ў нашай памяці і нашых сэрцах.

Мадэратарам мерапрыемства выступіў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, прафесар Віктар Белазаровіч.

Што датычыцца работы круглага стала, то ён пачаўся з даклада на тэму «Трагедыя і памяць Гродзенскай зямлі» Эдмунда Ярмусіка – кіраўніка Студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, доктара гістарычных навук, прафесара. Аб новых фактах расследавання генацыду беларускага народа расказала старшы пракурор аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства ўпраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Наталля Змітрэвіч. Даклад на тэму «Увекавечванне памяці загінуўшых вязняў шталагаў» прадставіў спецыяльны карэспандэнт ДУ «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь «ВАЯР» Аляксандр Севенка. Таксама прагучалі даклады пра злачынцаў фашыстаў на тэрыторыі Гарадзеншчыны студэнтаў спецыяльнасці «Гісторыя» Карыны Коўза, Мікіты Ляўковіча і Дар'і Валіулінай.

Пасля завяршэння выступленняў удзельнікаў былі падведзены вынікі работы круглага стала. Мерапрыемства скончылася хвілінай маўчання ў знак ушанавання памяці вязняў фашысцкіх канцлагераў.

 

»