Мерапрыемства з'яўляецца рэгіянальным этапам Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў, а таксама ўключана ў Праграму супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2020-2025 гады.
Да ўдзелу ў Каложскіх чытаннях традыцыйна запрашаюцца святары, педагогі, навучэнцы IX - XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выкладчыкі і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, навуковыя работнікі.
Як расказаў Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, штогод Каложскія чытанні ахопліваюць вялікую аўдыторыю. Што немалаважна, яна вельмі розная, бо на стыку меркаванняў і светапоглядаў нараджаюцца філасофскія, маральныя і навуковыя рашэнні.
– Каложскія чытанні залучаюць у развагі аб важнай тэме каштоўнасцяў у жыцці чалавека. Свет - складаны і шматгранны, поўны трывожных падзей, таму нядзіўна, што часам людзі губляюць арыенціры. Але заўсёды ёсць каштоўнасці, на якія можна абаперціся. Каштоўнасці сям'і, чалавечага жыцця, выхаванне дзяцей. У рамках чытанняў удзельнікі таксама будуць гаварыць аб культуры, яе фарміраванні на нашай зямлі, аб перспектывах яе развіцця, – падзяліўся Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.
Уладыка таксама адзначыў, што хрысціянства – гэта стваральная сіла. У яго ўлонні народжана мноства цудоўных твораў мастацтва, архітэктуры і іншых шэдэўраў. Рэлігія ўзбагачае чалавека духоўна і дае адказы на многія пытанні.
Аб важнасці і значнасці чытанняў гавораць і ўдзельнікі. Адным з дакладчыкаў сёлета стаў старшыня беларускай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.
– Адзін з параметраў нацыянальнай бяспекі – духоўная бяспека. Тыя сэнсы і ідэі, якія знаходзяцца ў індывідуальнай і грамадскай свядомасці, вызначаюць развіццё грамадства. Таму Каложскія чытанні - надзвычай важная падзея. Мой даклад прысвечаны ролі праваслаўя ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў, іх станаўленню і развіццю. У прыватнасці, сканцэнтруюся на тым, як у рамках праваслаўя вырашалася праблема свабоды, – распавёў Алег Раманаў.
У рамках чытанняў адбылося пленарнае пасяджэнне, а таксама будуць працаваць секцыі і абласная дыялогавая анлайн-пляцоўка «Каштоўнасці айчыннай культуры ў свядомасці сучаснай моладзі». Удзельнікі навуковай падзеі абмяркуюць шмат важных і актуальных тэм. Напрыклад, духоўныя і традыцыйныя каштоўнасці, уплыў вобразаў будучыні на самасвядомасць моладзі, сучасныя выклікі, старажытнарускую літаратуру і культуру і шмат іншага.