Для праходжання ЦТ у вобласці зарэгістраваны 4660 абітурыентаў для выканання 6471 тэсту. Самы папулярны прадмет у абітурыентаў рэгіёна - англійская мова, другі па папулярнасці прадмет - фізіка. Старшыня КДК Гродзенскай вобласці адзначыў, што ўсе мерапрыемствы па падрыхтоўцы да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў Гродзенскай вобласці выкананы. Усе карпусы гатовы, праінспектаваны адпаведнымі службамі на прадмет стварэння бяспечных умоў. Усяго ў рэгіёне будуць задзейнічаны для правядзення тэсціравання 4 пункты: у ГрДУ імя Янкі Купалы і ГДАУ, а таксама ў каледжах у Лідзе і Ваўкавыску. Усяго 7 карпусоў і 121 аўдыторыя.
Дарэчы, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўжо каля 16 гадоў з'яўляецца асноўным каардынатарам правядзення цэнтралізаванага і рэпетыцыйнага тэсціравання, а таксама прафарыентацыйнай работы са школьнікамі ў Гродзенскай вобласці.
Стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне 14 чэрвеня з праходжання выпрабавання па беларускай мове. І потым кожныя два дні будзе праводзіцца ЦТ па іншых прадметах. Так, 16 чэрвеня - па рускай мове, 18 чэрвеня - грамадазнаўству, 20 чэрвеня - матэматыцы, 22 чэрвеня - біялогіі, 24 чэрвеня - замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), 26 чэрвеня - хіміі, 28 чэрвеня - фізіцы , 30 чэрвеня - гісторыі Беларусі, 2 ліпеня - геаграфіі. Завершыцца ЦТ 4 ліпеня экзаменам па сусветнай гісторыі (найноўшы час).
Інфармацыю па ЦТ можна даведацца на сайце факультэта давузаўскай падрыхтоўкі https://fdp.grsu.by/ .