Фестывальныя мерапрыемствы і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца 13-14 красавіка 2023 г. у Купалаўскім універсітэце.
Аргкамітэт падрыхтаваў насычаную праграму для фіналістаў фестывалю. У першы дзень адбудзецца цырымонія адкрыцця, прагляд і абмеркаванне творчых праектаў. Падчас абмеркавання работ аўтары змогуць пазнаёміцца з праектамі, якія сталі фіналістамі фестывалю, задаць пытанні членам журы, атрымаць кампетэнтны адказ. Завершыцца фестывальны дзень экскурсіяй па старажытным горадзе Гродна.
У другі дзень фестывалю-конкурсу пройдуць майстар-класы ад прафесіяналаў у сферы масмедыя ў трох напрамках: "Аўдыёвізуальныя СМІ", "Тэхніка і тэхналогіі вэб-журналістыкі", "Рэкламныя і PR-камунікацыі". Кіраўнікі творчых груп прымуць удзел у круглым стале "Маладзёжны прэс-цэнтр: ад ідэі да рэалізацыі". Завершыцца фестываль цырымоніяй узнагароджання фіналістаў і пераможцаў V Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу "МЕДЫЯСФЕРА-2023".
У тэлеграм-канале студэнцкага медыяцэнтра сёння пачалася рэгістрацыя на майстар-класы. А ўжо ў аўторак, 11 красавіка, там жа стартуе галасаванне за прыз сімпатый гледачоў V Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу "МЕДЫЯСФЕРА-2023".
Рэспубліканскі маладзёжны фестываль-конкурс "МЕДЫЯСФЕРА-2023" праводзіць ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Фестываль праводзіцца ў год, аб'яўлены Годам міру і стварэння. Тэма фестывальных работ удзельнікаў: "Мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…".